Наведайце Amazon.com і купляйце кнігі - грошы ідуць на аплату госьцінгу і разьвіцьцё гэтага сайту pravapis.org дахаты

English version

news / naviny
articles / artykuly
books / knihi
buy books / kuplaj knihi
dictionary / slounik
download
utilities / ultylity
links / spasylki
forum
about

Раім набыць:
Дажыць да сьвітаньня
(па-расейску)
Васіль Быкаў

Папулярныя старонкі:
Новы правапіс-2005
Перакладчык з translit'у
Перакладчык у лацінку
Жывая мова online
L10n – лякалізацыя
Ґґ – новая літара
Менск у 1930 г.
Гасьцёўня
<br23> блоґ

Беларускія літары:

Ć ć   Ł ł   Ń ń   Ś ś   Ź ź
Č č   Š š   Ŭ ŭ   Ž ž  

вярнуцца да артыкулаў
раздрукаваць

Уладзімір Каткоўскі: "Беларусы часам самі сабе нецікавыя"

Аліса Бізяева, газэта "Чалавек і Інтэрнэт"

Uladzimir Katkouski, pravapis.org founder and webteam leaderНа рэсурсе пра беларускую мову Pravapis.org нядаўна зьявілася цікавае дасьледваньне гэтак званага "беларускага netspeak" - гаворкі, якую ўжываюць беларускамоўныя карыстальнікі сеціва (www.pravapis.org/art_netspeak.asp). Мы гутарым з Уладзімірам Каткоўскім, аўтарам дасьледваньня й стваральнікам рэсурсу Pravapis.org. Мовазнаўства - адно з захапленьняў гэтага разнабаковага чалавека, а асноўная спэцыялізацыя - праграмаваньне. Цяпер ён працуе ў Нямеччыне IT-аналістам кампаніі Accenture, тымчасам як ягоныя аватары rydel n23 і Эсмэральда актыўна дзейнічаюць у беларускім сеціве, на беларускіх дыскусійных пляцоўках. Ствараецца ўражаньне, што яны ўсюдыісныя, і нішто не ўнікае іхнага дапытлівага позірку.

– Інтэрнэт і сапраўды дапамагае зьвязаць усё з усім, у тым ліку Беларусь з астатнім сьветам? Што ты думаеш на гэты конт? Таксама раскажы, калі ласка, у чым місія pravapis.org. Мяркуючы па водгуках і статыстыцы, наколькі запатрабаваны гэты праект?

– Бясспрэчна, зьяўленьне Інтэрнэту (у кантэксьце Беларусі) дала нам, беларусам, магчымасьць лепш рэпрэзэнтаваць сваю краіну. Мы вельмі доўга жылі "чужым жыцьцём", у чужой інфармацыйнай абшары (Расейская імпэрыя, потым СССР), і ўся інфармацыя пра нас у замежжы зьяўлялася праз расейскія крыніцы, які цяжка назваць аб'ектыўнымі. Пашырэньне Інтэрнэту дазволіла нам досыць хутка зьліквідаваць гэтую "белую пляму" (ці хутчэй перафарбаваць пляму ў тый колер, які больш нам адпавядае). Паводле пашукавіка google.com у больш як 2 мільёнах вэб-старонак прысутнічае слова "Belarus". Цяпер мы самі можам расказаць пра сябе.

Наагул, сеціва - гэта сродак камунікацыі, які можа зьвязваць, а можа раздзяляць. Як ён злучае, гэта зразумела ўсім, хто бываў у інэце. А як разлучае і дзеліць? Па-першае, гэта спам, кібэрвойны, хакінг (напрыклад, падчас апошняй он-ляйн канфэрэнцыі аднаго беларускага палітыка быў зьнішчаны ўвесь сайт той палітычнай арганізацыі, на чыёй бачыне адбываўся чат). Па-другое, прыгадайма майстэрства флэйму. У рэале ён папросту немагчымы! Па-трэцяе, успомнім пра сямейныя сваркі, калі адзін з партнэраў "падсажваецца" на інтэрнэт і губляе ўсялякі інтарэс да людзей у рэчаіснасьці. Скандальныя разводы з гэтай нагоды ўжо не зьяўляюцца навінай.

Місія Pravapis.org - злучальная. Мая мэта - злучыць дзьве групы людзей, якія ніколі раней не сутыкаліся. Рэч у тым, што аўдыторыя сайта падзеленая на дзьве вельмі адрозныя "палавінкі". Першая - англамоўныя наведнікі, якія цікавяцца беларускай мовай ды культурай. А другая - беларускамоўныя ўдзельнікі, якія цікавяцца філялёгіяй, лінгвістыкай, папросту нашай мовай ва ўсіх аспэктах.

Зь іх толькі адна "палавінка" з большага раскручаная: Pravapis.org добра вядомы сярод нашых мовазнаўцаў і філёлягаў. Раскруткай другой часткі я яшчэ не займаўся, бо гэта рабіць зарана. База англамоўных артыкулаў яшчэ занадта малая. Я не хачу купляць AdWord (рэклямныя ключавыя слова ны google), каб потым плаціць 10-20 цэнтаў за кожнага наведніка і прыводзіць яго на паўпусты сайт, дзе на дадзены момант можна ўбачыць толькі 5-6 артыкулаў па-ангельску. Аднак я маю пляны ў бліжэйшыя некалькі месяцаў дадаць шмат артыкулаў на ангельскай мове. Тады і займуся англамоўнымі.

Патэнцыйна, гэтая частка маёй аўдыторыі можа быць значна большая па памеры за беларускую. Але якасна яны адрозьніваюцца. Гэта хутчэй будуць наведнікі амаль з нулявымі ведамі, якія будуць шукаць самую базавую інфармацыю, накшталт электроннай вэрсіі размоўніка ці сьпісу асноўных выразаў. Іх будзе цікавіць, як сказаць "зь днём народзінаў" альбо "я цябе кахаю" па-беларуску (каб уразіць віртуальную незнаёмку), а не артыкул пра тое, ці можна разглядаць клічную форму як асобны сёмы склон.

Калі казаць пра канкрэтныя лічбы на дадзены момант: звычайна прыходзяць каля 30 чалавек штодня, але калі зьяўляецца новы артыкул ці ўтыліта, то сягае да 150 ўнікальных у дзень. Я маю лічыльнік Акавіты, і мая статыстыка адкрытая для ўсіх.

– Што пра беларускі Інтэрнэт ведаюць у сьвеце? Як беларускі Інтэрнэт уплывае на погляды замежнікаў на беларусаў?

– Я ж не Jeeves, каб на такія скамплікаваныя пытаньні даваць адказы (усьміхаецца). Але я думаю, што ўплывае зусім слаба. Я нават думаю, што чацьвертае мейсца па хакею на зімовай алімпіядзе выклікала значна мацнейшы розгалас, чым усе нашы вэб-старонкі за ўвесь час існаваньня Інтэрнэту. Хаця сур'ёзны артыкул у нэце пра Беларусь для англамоўнага навукоўца і спартовы посьпех Макса Мірнага ці беларускай хакейнай дружыны – гэта якасна розныя рэчы. Канечне, ёсьць некалькі адносна папулярных вэб-старонак пра Беларусь на ангельскай мове (Віртуальны гід па Беларусі, Belarus Miscellany, Academy of Science Links Collection), але гэта дробненькая кропелька ў вялікім забруджаным акіяне WWW.

– Для многіх людзей Інтэрнэт - адзіная магчымасьць размаўляць на роднай мове. Як ты думаеш, ці магчыма, што гэта паспрыяе разьвіцьцю беларушчыны ў рэальным жыцьці?

– Адно ёсьць люстэркам другога. Беларуская мова ў сеціве пачуваецца добра, і я назіраю, як ейная сфэра ўжытку з кожным годам значна пашыраецца. Значыць напэўна і ў рэчаіснасьці адбываецца нешта падобнае (хаця дакладна паралелі праводзіць небясьпечна і не заўсёды правільна). У вольных абшарах сеціва экспансію беларускага слова нішто не спыняе, і мы бачым натуральнае разьвіцьцё беларушчыны.

– Як табе, дарэчы, мова Farba.net, нейкія дзіўныя канчаткі?

– Ці толькі канчаткі? Я табе скажу, Вячоркі на іх няма (сьмяецца). Калі больш сур'ёзна, то ім патрэбны прафэсійны карэктар і стыль-рэдактар. Наагул, шмат чаго можна параіць. Я толькі два нумары бачыў і пакуль не хачу задужа крытыкаваць маладое пэрспэктыўнае он-ляйн выданьне. Пра зьмест наагул - no comment. Аднак, трэба заўважыць, што зьяўленьне беларускамоўнай pop-culture зьява абсалютна новая, магчыма нават рэвалюцыйная.

– Раней людзі, якіх няшмат было ў сеціве, займаліся ўсім адразу. Зараз суполка падзялілася на тых, хто стварае інтэрнэт (і карыстаецца збольшага спецыялізаванымі рэсурсамі) і тых, хто яго спажывае. Як гэта ўплывае на зьмест і характар сеціва?

– Спэцыялізацыя - гэта добрая і натуральная зьява. І я гарачы яе прыхільнік. Гэта гарантуе лепшую якасьць ва ўсіх аспэктах. То бок, скрыпт будзе працаваць без багаў, здымак будзе выглядаць як з вокладкі часопіса Cosmopolitan, тэкст будзе якасны і без памылак. Няхай фірма сэртыфікуюцца па ISO 9001, няхай флэш-аніматар ня робіць анічога апрача флэшак, няхай спэцыяліст па PHP піша толькі скрыпты і канфігуруе Apache, няхай спэцыяліст па usability праверае кожную спасылачку на "юзабельнасьць". Гэта цудоўна. Гэта гарант лепшай якасьці канчатковага прадукту. А аматарскія праекты ўсё адно застануцца. Наагул, ля вытокаў кожнага выбітнага вэбсайта амаль заўсёды стаіць адзін энтузіяст, які і ёсьць душой праекту, ягоным рухавіком (але ці трэба называць яго аматарам?).

– Давай пагаворым пра універсалізм людзей, якія працуюць у Інтэрнэце. Ці думаў ты калі-небудзь, што тыя, хто трапіў у Інтэрнэт даўно абавязкова незвычайны самі па сабе людзі?

– Можа толькі ў тым сэнсе, што піянэры заўжды недзе наперадзе і таму з шэрага натоўпу выдзяляюцца заўсёды. Яны звычайна маюць большы досьвед як у тэхнічных, так і ў сацыяльных аспэктах сецявога жыцьця, сапраўды разумеюць, што такое netiquette, адсочваюць усе апошнія тэхналягічныя навінкі. Але тое, што яны былі наперадзе, не гарантуе ім посьпеху ў будучыні. Інтэрнэт - гэта такі мэдыюм, дзе сытуацыя мяняецца вельмі хутка. Каб заставацца наперадзе, трэба ўвесь час прыкладаць вялікія намаганьні. І заставацца наверсе хвалі.

– Якія рэсурсы патрэбныя беларусам больш за ўсё, каб наш Інтэрнэт быў цікавы для замежнікаў?

– А навошта нам іх прывабліваць? Я проста ня бачу сэнсу. Як казаў клясык, "байнэт - для беларусаў" (сьмяеецца). Ведаеш, Аліса, мы, беларусы, часта самі сабе нецікавыя, а ты патрабуеш цікавасьці да нас звонку. Я думаю, тут дзейнічае вельмі простае правіла: калі мы будзем ім цікавыя, яны самі створаць сайты пра нас. Вось толькі некалькі сайтаў, створаных у замежжы пра нас: www.belarusguide.com, www.belarus-misc.org, www.bialorus.pl, www.belarusnews.de, www.vitryssland.nu, www.belarus.cz.

Напішыце водгук // Write your comment


© Сябры вэб-дружыны Pravapis.org і Ўладзімер Каткоўскі, 2001-2005. Усе правы захаваныя. Пры перадрукоўцы спасылка абавязковая.





 • Рэкамэндаваны web hosting (адкажу на вашы пытаньні);
 • Кнігарня oz.by (Беларусь) і скарбонка rodina.by (Беларусь);
 • Кнігі па-ангельску з amazon.com (ЗША), гл. нашу новую выбарку;
 • Таксама кнігі па-нямецку і па-ангельску з amazon.de (Нямеччына).