Кароткі слоўнік менскіх хіпі і панкаў канца 70-х і пачатку 80-х гадоў, скаладзены Адамам Глёбусам
АДЦЯГНУЦЦА – злавіць кайф, адпачыць – Пайшлі да Крыпі, адцягнемся.
АСКАЦЬ – прасіць, клянчыць, зшыбаць грошы (звычайна, на алейках, у парках, на ваґзалах) – Есьці хочацца, пайшлі аскаць на стрыт
АТАМ – выдатна, адвал, адвальна, клёва, кайфова – найлепшая якасьць чаго-небудзь – У Людкі штаны – атам!
БАБКІ – грошы; падняцца на бабкі – зарабіць грошы – Падруга, у цябе бабкі ёсьць?
БАШЛІ (-НІ) – грошы – Швед, мне Баця павінен башлі, забярэш, а я звальваю.
БАШЛЯЦЬ – фінансаваць, даваць грошы, плаціць – І колькі табе на рабоце башляюць?
БАЯН – шпрыц – Слухай, фуцах, на баяне граеш?
БЯРЛО – ежа, харч – Ну й бярло, проста рэстаран “Патсдам”.
БЕРЛЯЦЬ – есьці, жэрці – Я з раніцы галодны, можа ёсьць паберляць.
БУХАРЫК – алькаголік, п’яніца, п’яны чалавек – Там на прыступках бухарык ляжыць, абсураўся ўвесь – Добра, калі праз дваццаць гадоў будзем такія, а ня горшыя.
БУХАЦЬ – піць алькагольныя напоі, кіраць, закладаць за каўнер (састарэлае, шырока ўжываецца беларускімі літаратарамі) – Перапынак, не бухаю, трапак (трыпэр).
ВАЛАСАТЫ – 1. Чалавек – мэн, які ўваходзіць у хіповую сыстэму, неабавязкова з доўгімі валасамі – Валасатыя больш не збіраюцца ля Пэнтаґона (Дома афіцэраў). 2. Хіпі, патлаты, хайраты – Прыходзіць да мяне валасаты абкураны ва ўмат.
ВАЛІЦЬ – 1. Сыходзіць – Менты падрульваюць, ну мы й звалілі з алейкі. 2. Уцякаць – Звал!!!
ВЕРЗАЦЬ – 1. Спраўляць вялікую патрэбу – Пайду ў дабл, паверзаю. 2. Гадзіць, рабіць непрыемнае – Я да яго па-чалавечы, а ён, мудак, ня можа, каб не абверзаць.
ГРЫЦ – мейсца тусоўкі, сквэр Янкі Купалы насупраць цырка (раней сквэр імя Грыцаўца), дзе зьбіраліся хіпі на канцы 60-х і ў 70-ыя гады – На Грыцы класна было. Конь казаў, што нават вербы свабоднай любові былі, іх мянты сьсеклі.
ДАБЛ – прыбіральня – пакуль ты аддаблішся, я падгур здыму.
ДЗЯРЖЫНКА – мейсца тусоўкі, алейка на вуліцы Камсамольскай, дзе стаіць бюст першага чэкіста краіны саветаў. Хіпі разам з пакамі зьявіліся там падчас другой хвалі, на пачатку 80-х гадоў. – На Дзяржынцы адныя малалеткі Там нават Алекс каралём ходзіць.
ДОДЖЫК – 1. Пастаянная, найбольш аптымальная і правераная доза наркотыка – Мой доджык – пяць кубоў. 2. Порцыя алькаголя ці ежы, хаўкі – Доджык дрынкнем трэці раз, за тых, хто бараніў Каўказ.
ДРУШЛЯЦЬ – спаць, кімарыць, храпсьці (састарэлае, але шырока распаўсюджанае сярод беларускіх байкапісцаў) – А я гадзінку падрушляю.
ДУР – марыхуана – А ў мяне першы раз ад дуры толькі смочкі замерзьлі і больш нічога, ніякага кайфу, не дагнала.
ДУРКА – вар’ятня, псыхіятрычная лякарня – Саід у дурцы, прасіў, каб ты кір прывёз.
ДЫНАМІЦЬ – падманваць, падводзіць, пракідваць – Гэта? Я ёй стрэлку накінуў, а потым прадынаміў.
ЖАБА – 1. Панкаўская дзяўчына – А жабы будуць? – Колькі хочаш, як гразі. 2. Жанчына – Ты гэту жабу атадраў? – Нафіг трэба.
ЗАВЁРНУТЫ – 1. Моцна захоплены чым-небудзь – Шыма на рамане завярнуўся. Піша, потым патэлефануе: “Швед, я пра цябе напісаў!”, кідае трубку і зноў піша. 2. Звар’яцелы – Ад такіх наваротаў і завярнуцца можна.
ЗАМАНДЗЯЧЫЦЬ – 1. Ударыць, улупіць, замачыць, шарахнуць – Не пасьпеў я слова сказаць, а ён як замандзячыць мне ў бараду. 2. Сказаць моцнае слова, пажартаваць – Гаварылі, гаварылі, і раптам Француз як замандзячыў пра Ірку, што яна шкура – пачаліся разборкі.
ЗДЫМАЦЬ ПАДРУГ – знаёміцца зь дзяўчатамі – Падвальваем да лаўкі. Дзьве падругі кураць “Арбіту”. Мы і так, і гэтак, а яны нязьёмныя. Давялося прагнаць з Алейкі.
КАЙФ – 1. Найвышэйшая ступень задавальненьня. – Бяз кайфу няма лайфу. 2. Наркотык – Алё, Швед, у цябе кайф ёсьць? У мяне ломка пачынаецца.
КАСІЦЬ – прыкідвацца, часьцей за ўсё – касіць пад крызу: сымуляваць вар’яцтва дзеля вызваленьня ад службы ў войску ці замены турэмнага зьняволеньня на псыхіятрычную лякарню – Хац закасіў. Сапраўды, лепш год у крызе, чым пятнаццаць у Растоўскай турме.
КАЦІЦЬ – атрымлівацца, атрымліваць прызнаньне – Ізноў рок ня коціць, адна папса.
КІДАЛАВА – 1. Крадзёж – Я ж казаў, што стопрацэнтовае кідалава. Яго і павязалі. 2. Падман – Больш ня прыйду, дамаўляўся не дамаўляўся – кідалава.
КЛЁВА – выдатна, кайфова – Клёвыя шузы. Дзе надыбаў?
КЛЮЧ – канец, каюк, прыезд – Хай толькі сунецца і яму – ключ.
КРУТНЯК – выбітнасьць, выдатнасьць –А ў Піцеры такія крутнякі, такія навароты.
КРУТЫ – магутны, нязломны, мэтанакіраваны – Я мэн круты
КРЫЗА – 1. Псыхіятрычная лякарня, дурка – Лепш крыза, чым салдаты. 2. Вар’ят, нястрыманы чалавек – Мамант зь мянтамі зачапіўся, крыза. 3. Вар’яцтва – На выставу Русавай хадзілі, крыза.
КРЫША – дах, зьявілася ў 90-я гады. 1. Розум – Ад тваіх вершаў у мяне крыша паехала. 2. Галава – Нашто ж ты пад кулак крышу падстаўляў?
КСІЎНІК – самаробная абгортка для ксівы (пашпарта), паходзіць ад кісета, бо шмат хто з хіпі зьбіраў недакуркі і складаў у кісет, які насіў на грудзях; зазвычай ксіўнік носяць на грудзях, аздабляюць яго значкамі і вышыўкаю – Сяджу, нікога не чапаю, ксіўнік вышываю.
ЛОМ – непрыемнасьць – Мне ўсе твае разборкі ў лом.
МАЖОРЫ – прыкінутая (модна апранутая) моладзь, звычайна, прыфарцаваная і элітарнага паходжаньня – На Паркавай тусуюцца мажоры.
МАХАЛАВА (МАХАЧ) – бойка – Учора каля Ўнівэрсаму такое махалава было. Жах. Мянты траіх лохаў загасілі.
МАШЫНА – шпрыц – Раніцай прыходжу, а на стале машына ляжыць. Сто разоў казаў, каб хавалі шпрыц. Давялося настукаць па рагах. Але малалеткі ёсьць малалеткі. Гнаць іх трэба.
МУДОХАЦЬ – мучыць, біць – Канчай, ты ўжо ўсіх замудохаў.
НАРКОТ – 1. Наркаман, які не ўяўляе зь сябе нічога цікавага – Не цікава, там адны наркоты. 2. Алькаголік – Каля піўзаводу наркоты тусуюцца.
НІШЦЯК – 1. Добра, выдатна, клёва – Усё нішцяк! 2. Тое, што дастаецца бясплатна, “на халяву” – хаўка, напрыклад – У “Хвілінцы” піцу не даядаюць, можна пайсьці і захаваць нішцячок.
ПАДЛЯНА – подласьць, здрада – Кэт усім такую падляну кінула – забрала грошы і зваліла ў Львоў.
ПАДПІСАЦЦА – запрасіць, прапанаваць, угаварыць, заманіць, абавязаць, прымусіць – І я падпісаўся тую халтуру рабіць.
ПАМЫЙКА – бар у паўпадвале на рагу былога Ленінскага праспэкту і вуліцы Леніна, мейсца, дзе зьбіраліся менскія хіпі – Усе дарогі вядуць на Памыйку. – А ты што, цэнтравы?
ПАТЛАТЫ – валасаты, хайраты, хіпі – У Памыйцы адні патлатыя. – Мастакі? – Вядома, з іх усё і пачынаецца.
ПЭНТАҐОН – кавярня ў менскім Доме афіцэраў, мейсца, дзе зьбіраліся хіпі перад тым, як перайсьці на Памыйку – А мне Пэнтаґон ніколі не падабаўся, адно кір.
ПЛАН – марыхуана, дур, гашыш, кайф – План ёсьць? – Планы ў камуністаў, а ў нас кайф.
ПОДЗЬВІГУ НАРОДА – сквэр насупраць музэя Вялікай Айчыннай вайны, мейсца збору хіпі – А мы ўчора на Подзьвігу народа бутэльку вэрмута разьбілі.
ПРАКІДВАЦЬ – падводзіць, не зрабіць абяцанае, падманваць – Звал. – А Элка? – Пракінем, нефіг спазняцца.
ПРЫКІД – вопратка – Нішцяк прыкід.
ПРЫКОЛ – непаразуменьне, жарт, сьмешны выпадак – Папоў паўшклянкі хіннай вады, што супраць перхаці, заглынуў і як стаяў, так і ляснуўся фэйсам аб асфальт.
РАГАТЫ – тралейбус – Дабярэшся на рагатым №6.
РАЗБОРКА – высвятленьне адносінаў – А мне вашыя разборкі да фені.
РАСКЛАДЫ – сытуацыя, варыянт – Я ня ведаю раскладаў.
РАТУША – пляц насупраць Дома ўраду, мейсца збору менскіх хіпі – Князя памятаеш? – З Ратушы? – Так. Сустрэў – ледзь пазнаў
СЫСТЭМА – арганізацыя хіпі, тусоўка – У Піцеры самая крутая сыстэма. – А мне падабаецца Львоўская.
СКІПАЦЬ – уцякаць, звальваць, хавацца – На лета ў Паланґу трэба скіпаць.
СТОПНІК – атлас аўтамабільных дарог – У мяне ў кішэні стопнік, я ня рокер і ня гопнік.
ТАСКА – стан лёгкага наркатычнага ап’яненьня, лёгкае лунаньне, лёгкі кайф – І ад клея можна заташчыцца.
ТРАВА – анаша – Дастаць травы.
ТРАХАЦЬ – рабіць коітус, факаць – Ён цябе трахае?
ТРЭСЬЦІ – прасіць, забіраць грошы і цыгарэты, тое што і шыбаць, аскаць – Я на ваґзале рублёў трыццаць магу натрэсьці за дзень.
ТУСАВАЦЦА – 1. Хадзіць на тусоўкі – Ты ў Тарту на тусоўку паедзеш? – Трэба тусануцца. 2. Мець сувязі сярод тусоўшчыкаў – Ты з рокерамі тусуешся. 3. Кантактаваць – Ты тусуешся з гэтай прашмандоўкай?
ТУСОЎКА – 1. Збор людзей – Не пакоціць, гэта камсамольская тусоўка. 2. Сыстэма, саюз, партыя, арґанізацыя – Люблю рокерскую тусоўку.
УСПУХАЦЬ – выступаць не па справе (ня ў троп) – А Шуга ўсё ўспухае і ўспухае, задзёўб.
ФАК – коітус, полавы акт – А мне факі ня ў кайф – Вядома, трапак.
ФАКАЦЦА (ФАЧЫЦЦА) – рабіць коітус, трахацца, маркітавацца, любіцца – А ты, калі яе факаў у пад’езьдзе, станавіўся на прыступку вышэй?
ФЕНЬКА – 1. Любая маленькая рэч – Пакажы феньку. 2. Упрыгожаньні хіпі – Мне Ваўчыца ксіўнік падарыла. Клас фенька. 3. Маленькая гісторыя, показка – А мне Філ такую феньку расказаў Гэты слоўнік таксама фенька.
ФУЦАХ – хлопец, мэн, хіпар – Ты, фуцах, пакуль я дайду да той вунь лаўкі, цябе на алейцы ня будзе.
ФЭЙСОЎКА – бойка, мардабой – Учора Швед каля Памыйкі такую фэйсоўку наладзіў, умат.
ХАЙР – валасы, доўгія валасы ў мужчыны – Хайр гэта ня проста патлы, гэта – наш сьцяг.
ХАЙРАНУЦЬ – пастрыгчы – На Грыцы мянты Маманта хацелі хайрануць. Ён вырваўся. І яму шыю нажніцамі прабілі. Кажуць – выпадкова.
ХАЙРАТНІК – стужка або раменьчык, які абвязваецца вакол галавы, каб валасы не траплялі ў вочы – Клёвы хайратнік, скураны Дзе надыбаў?
ХАЙРАТЫ – даўгавалосы мужчына, звычайна хіпі – І на Ратушы хайратыя зьбіраюцца.
ХІПАРЫ – хіпі – Я рыскага хіпара сустрэў, ён сказаў, што Шведа ў Львове бачыў.
ХІПІ – частка моладзі 60-80 гадоў ХХ стагодзьдзя, якая вызнавала пацыфізм – Мы, хіпі, кветкі жыцьця.
ХІПОЎКІ – дзяўчаты хіпі – Мы хіпоўку за травой на Камароўку паслалі.
ХІПУШКІ – дзяўчаты хіпі – Я да Мароза зайшоў, а там адны хіпушкі.
ХЛАМ – найвышэйшая ступень чаго-небудзь. (Часьцей за ўсё ап’яненьня і абкуркі) – Абпыхаліся, хлам.
ХЛЕБНЫ ХАЙР – хайр, адрошчаны ў баку ад небясьпек, на бацькоўскіх харчах (зьняважлівы выраз) – Прыбярыце ад мяне хлебны хайр.
ЦЫВІЛЬНЫ – афіцыйны, прыняты большасьцю – У яго нават фэйс цывільны.
ЦЯГНУЦЬ – трахаць, факаць, любіць – Нармальная жаба, можна й працягнуць.
ЧУМА – 1. Вар’яцтва – Ты што, гэта ж чума! 2. Дзікая, ненармальная зьява – У мяне быў знаёмы, Шыма – чума.
This is a short slang dictionary of Belarusian (mostly Minsk) hippies and punks of the late 70's and early 80's collected and compiled by the Belarusian writer Adam Hlobus.