
![]() |
|
|
Раім набыць:
Папулярныя старонкі:
Беларускія літары: |
вярнуцца да артыкулаў Янка "Спадар" СтанкевічАдам Воршыч
Пра Янку Станкевiча расказвае навуковы кансультант збору твораў Юрась Бушлякоў: “Станкевіч — маштабная фігура ў беларускiм руху ХХ ст., сымбаль і галоўны ідэоляг беларускага моўнага пурызму. Ён пражыў 85 гадоў і доўгую частку свайго жыцьця (год 60) аддаў дасьледаваньню беларускай мовы. Станкевiча можна параўнаць з такімі выдатнымі дзеячамі ў гісторыі станаўленьня літаратурных моваў, як Ёсаф Добраўскi ў Чэхii ці Вук Караджыч у Сэрбіі”. “НН”: У чым сутнасьць Станкевічавага погляду на мову? Юрась Бушлякоў: Станкевiч iмкнуўся “вывесьцi ў сьвет” найдрабнейшыя адметы жывой народнай мовы. Пры магчымасьцi выбару ён аддаваў перавагу словам і канструкцыям, адсутным у блiзкароднасных мовах. Ён даваў шанец праявiцца ў лiтаратурным ужытку шматлiкiм фанэтычным зьявам, граматычным формам, сотням словаў, не засвоеных беларускай пiсьмовай традыцыяй. Так, ён адстойваў формы зь цьвёрдым [л] перад суфiксамi -ц-, -ств- i -к- (колца, салца, палцы, круцелства, прыяцелка, зашпiлка) i крытыкаваў Тарашкевiча за iгнараваньне iх у “Беларускай граматыцы”. Папаўняў лексычны фонд мовы, прапануючы варыянты нават для найбольш частотных словаў (пераз ‘праз’, бодка ‘пункт, кропка’, жарало ‘крынiца’, кулёк ‘куртка’, супар ‘супернiк’, укульмiцца ‘засяродзiцца’ i г.д.). І ўсё ж Станкевічаў пурызм нельга прызнаць за максымальны. Дасьледчык ня вёў, як пурысты вугорскiя, iсьляндзкiя цi iранскiя, барацьбы з агульнаўжывальнымi iнтэрнацыяналiзмамi, дапускаў i сам уводзiў паасобныя калькi. Калькуючы, найчасьцей браў за ўзор словы з заходнеславянскiх моваў (так зьявiлiся, да прыкладу, самагук ‘галосны’, сугук ‘зычны’, паранец ‘сасiска’, даймо ‘ўражаньне’ i паймо ‘панятак’). За сваё доўгае жыцьцё Станкевiч здолеў сёе-тое прышчапiць беларускай мове. Прыкладам, ягонымi стараньнямi нормаю новаклясычнага правапiсу стала з 1930-х пазначэньне мяккасьцi ў прыназоўнiках на -з перад мяккiмi зычнымi: зь неба, бязь месца, празь яго. Шмат якiя папулярызаваныя ім словы ўвайшлi ў лексычны фонд лiтаратурнай мовы ў мiжваеннай Заходняй Беларусi, ужывалiся рэгулярна ў мове паваеннай эмiграцыi, нарэшце, апошнiя 10—15 гадоў памалу замацоўваюцца ў мове мэтраполii (меншыня, гаспадарства, задзiночаньне, зацемка, конадзень, собскi i г.д.). “НН”: У 30-я Станкевіча ў беларускім друку часьцяком называлі “Янка-спадар”. Вядома, што менавіта Станкевіч увёў слова спадар у карыстаньне... Юрась Бушлякоў: Пошукі формы ветлага звароту актыўна вялiся ў нас у першай трацiне ХХ ст. Былi пан i панi, але за імi ішло “клясавае” значэньне. Маглi прэтэндаваць на ўнiвэрсальны статус i васпан з васпаняй, i ягомасьць або ягамосьць, але не займелi шырокай падтрымкi. Бяз вынiку засталiся й спробы эсэраў унiвэрсалiзаваць формы грамадзянiн i грамадзянка. Саветы прыладзiлi былi пад дыстанцыйны зварот даўняе слова таварыш — праз гэта ў БССР пашырэньне нейкай з гiстарычных нацыянальных формаў сталася немагчымае. У 1920-я ў Заходняй Беларусi была яшчэ тэндэнцыя ажыўляць у ролi звароту слова гаспадар. Вацлаў Ластоўскi схiляўся да гаспадара, дапускаючы, праўда, пры гэтым i форму спадар. Станкевiч зрабiў адназначную стаўку на спадара, спадарыню, спадарычну ды спадарства. З 1925 г. узяўся ён папулярызаваць спадара — апрабоўваў зварот у прыватным лiставаньнi, з тым самым Ластоўскім. Адначасна вывучаў факты ўжываньня зваротаў у старабеларускай мове, спрабаваў разьмежаваць значэньнi словаў гаспадар i спадар. Заходнебеларуская публiка першым часам не прыняла спадара. Станкевiч умеў стаяць на сваiм — так i нажыў сабе мянушку. Максім Танк прыпамінаў у “Лісткох календара”, як у 1930-я гады ў Вiльнi сустракаўся з Станкевічам. У Танкавым тэксьце таксама ёсьць гэтае “Янка-спадар”… Але да канца 1930-х слова спадар пачало ўспрымацца ў Заходняй Беларусi як нешта магчымае для агульнанацыянальнага ўжытку. У 1940-я ў несавецкай маўленчай, пiсьмовай практыцы спадар, спадарыня, спадарства прынялiся. “НН”: У чым яшчэ значнасьць Станкевіча як філёляга? Юрась Бушлякоў: Ён аспрэчваў культываваны ў СССР тэзыс пра зыходнае дыялектавае адзiнства ўсходнiх славянаў, казаў пра выдзяленьне беларускай мовы беспасярэдне з праславянскае. Каштоўныя ягоныя працы зь лiнгвагеаграфii — дасьледаваньнi межаў беларускай моўнай прасторы. Адным зь першых у ХХ ст. узяўся Станкевiч вывучаць мову кiтабаў — расшыфраваў i адкамэнтараваў “Аль-Кiтаб” ХVІІ cт., знойдзены Іванам Луцкевiчам паблiзу Вiльнi. Станкевiч арыгiнальна iнтэрпрэтаваў нашыя антрапонiмы. “Хрышчоныя ймёны вялiкалiтоўскiя (беларускiя)” — яго найважнейшая праца ў гэтай галіне. Нястомны ён быў таксама лексыкограф — пачынаў у гэтай дзялянцы, дапамагаючы Максiму Гарэцкаму рыхтаваць да друку “Невялiчкi беларуска-маскоўскi слоўнiк”. А як не сказаць, што Станкевiч — найпатрабавальнейшы аналiтык айчыннай моватворчасьцi ХХ ст.: надзвычай цiкавая, прыкладам, ягоная рэцэнзiя на граматыку Тарашкевiча. Паводле маiх падлiкаў, ён — аўтар каля 40 кнiжных выданьняў i звыш 100 артыкулаў. Умовы, у якіх Станкевічу давялося жыць і працаваць, найчасьцей скіроўвалі яго на папулярызацыйную дарогу. Найважнейшае было — папулярызаваць беларускі матэрыял. І ён рабіў гэта ўтрапёна. “НН”: Якім чынам ішла тая папулярызацыя? Юрась Бушлякоў: Праз артыкулы ў газэтах, праз даступныя i шкаляру, i работнiку, выдаваныя часта за свае грошы брашуркi, праз “зборкi дзеля чысьцiнi беларускае мовы”, якiя Станкевiч вёў у 1930-х у Вiльнi, а ў 1950-х — у Нью-Ёрку. У 1918 г. на бачынах вiленскага “Гоману” ён заклiкаў суайчыньнiкаў культываваць беларускiя формы тапонiмаў, гiдронiмаў, пiсаць Менск, Горадня, Слуцак, Нёман, унiкаючы формаў калянiяльнага часу. Каб не Станкевiч, няведама, колькi б яшчэ трымаўся Мiнск у тагачасных беларускiх выданьнях… Папулярызацыйная Станкевiчава практыка працягвалася i ў часопісе “Родная мова”, які выдаваўся ў 1930—31 г. у Вільні. Гэта было першае беларускае спэцыялізаванае мовазнаўчае выданьне, аўтарскі праект Янкi Станкевiча. Аўтар жменямi падаваў у часопiсным “Слоўнiчку” сьвежыя словы, абгрунтоўваў iх правы на шырэйшы ўжытак. У эмiграцыйную пару добрую магчымасьць папулярызаваць новыя формы й словы Станкевiч меў дзякуючы “Кутку мовы” ў мюнхенскiм тыднёвiку “Бацькаўшчына”. Янку спрыяў ягоны пляменьнiк Станiслаў Станкевiч, рэдактар “Бацькаўшчыны”. “НН”: Як на эміграцыі ўспрымалася моватворчая дзейнасьць Станкевіча? Юрась Бушлякоў: Па-рознаму. У яго былі як адкрытыя прыхільнікі, так і непрыяцелі. Нярэдка яму пярэчылi, былi выпадкi, калi папросту iгнаравалi, ён жа вёў справу свайго жыцьця так, як лiчыў гэта патрэбным. У 1970-м, маючы пад 80 гадоў, кiнуў клiч аб стварэньнi на эмiграцыi мовазнаўчага часопiсу. Клiч застаўся без адказу. А праз тры гады пасьля гэтага Станкевiч сам вярнуў да жыцьця выдаваную ў 50-х “Веду” — каб быў-такi часопiс пра мову. Палемiзавалi зь iм публiчна Юрка Вiцьбiч, Масей Сяднёў, Леанiд Галяк. Далёка не заўсёды салiдарызаваўся з Станкевiчам Антон Адамовiч, хоць моватворчыя канцэпцыi iхныя былi вельмi блiзкiя. Вiтаўт Кiпель у кнiзе “Беларусы ў ЗША” прызнаў, што яны абодва, Станкевiч i Адамовiч, зрабiлi найбольшы ўплыў на ўстанаўленьне нормаў мовы эмiграцыйнага друку. Прыкметная ўвага была i з боку ўкраiнцаў. Станкевiча ня раз рэцэнзаваў прафэсар Панцеляймон Кавалёў. Зрабіў нават агляд выдадзенага ў Рэгенсбурзе ў 1947 г. “Падручнiка крывiцкае (беларускае) мовы”. У тым падручніку — рэглямэнтаваныя Станкевічам нормы паводле стану на 1947 г. “НН”: А чым адметны ягоны пераклад Сьвятога Пісьма? Юрась Бушлякоў: Станкевiчава “Сьвятая Бiбля” — першы поўны беларускi тэкст Бібліі ў ХХ ст., перакладзены ім разам з пастарам Масеем Гітлінам. У тэксьце вельмi актыўна выкарыстаная старабеларуская i рэгiянальная лексыка. Найперш за лексыку i крытыкавалi пераклад у эмiграцыйным грамадзтве. Асаблiва гнеўна — архiмандрыт Леў Гарошка. Затое, кажуць, Станкевiчаву “Бiблю” любіў Уладзімер Караткевіч: яго якраз цешылі тыя адметныя беларускія формы. © газэта "Наша Ніва", 2002
See also / Гл. таксама: |
© Сябры вэб-дружыны Pravapis.org і Ўладзімер Каткоўскі, 2001-2005. Усе правы захаваныя. Пры перадрукоўцы спасылка абавязковая.
|