Наведайце Amazon.com і купляйце кнігі - грошы ідуць на аплату госьцінгу і разьвіцьцё гэтага сайту pravapis.org дахаты

English version

news / naviny
articles / artykuly
books / knihi
buy books / kuplaj knihi
dictionary / slounik
download
utilities / ultylity
links / spasylki
forum
about

Раім набыць:
Хобіт (па-беларуску)
Дж.Р.Р.Толкін

Папулярныя старонкі:
Новы правапіс-2005
Перакладчык з translit'у
Перакладчык у лацінку
Жывая мова online
L10n – лякалізацыя
Ґґ – новая літара
Менск у 1930 г.
Гасьцёўня
<br23> блоґ

Беларускія літары:

Ć ć   Ł ł   Ń ń   Ś ś   Ź ź
Č č   Š š   Ŭ ŭ   Ž ž  

вярнуцца да артыкулаў
раздрукаваць артыкул

English summary: Jargon – the technical or specialized vocabulary used among members of a particular profession or group; confused unintelligible language; a hybrid language or dialect simplified in vocabulary and grammar and used for communication between peoples of different speech. Argot – a secret specialized vocabulary. This article presents a brief review of jargon and argot that was used in Belarus in 19th century by various groups of salesmen, monks, and guild members.

Жарґон і арґо ў Беларусі (Jargon and Argot in Belarus)

Лукашанец А. Г. *

Слова жарґон (франц. jargon) першапачаткова абазначала ў францускай мове сапсаваную мову. Зараз пад жарґонам разумеюць любое маўленьне, якое адрозьніваецца ад літаратурнага і характарызуе пэўныя сацыяльныя слаі, напрыклад людзей, аб'яднаных прафэсіяй, родам заняткаў, захапленьнямі і г. д. Існуюць, напрыклад, жарґоны ваенных і маракоў, актораў і фізыкаў, паляўнічых і карцёжнікаў, сталяроў і мэталюргаў, моладзі і рок-музыкантаў. Яны неаднолькавыя па распаўсюджаньні, па той ролі, якую адыгрываюць у дадзеным асяродзьдзі, па паходжаньні і асаблівасьцях разьвіцьця.

На адным полюсе знаходзяцца жарґоны, якія набліжаюцца да прастамоўя: гэта аб'яднаньні словаў, што выкарыстоўваюцца найчасьцей у неафіцыйных сытуацыях, сярод сяброў: словы, якія маюць значную долю жарту, эмоцыяў і экспрэсіі. Такія жарґоны выкарыстоўваюцца найперш для ажыўленьня маўленьня, стварэньня асобага моўнага калярыту. Яркім прыкладам такіх жарґонаў служыць жарґон моладзі (маладзёвы слэнґ). Яго носьбітаў аб'ядноўвае толькі ўзрост, і часта жарґонныя слоўцы ў мове моладзі як бы гавораць: я — «свой», г. зн. жарґон, разам з прычоскай, стылем адзеньня і г. д., служыць зьнешнім атрыбутам маладога чалавека і робіць яго падобным на тысячы яго аднагодак. Крыху іншы характар маюць прафэсійныя жарґоны, г. зн. жарґоны людзей адной прафэсіі, спэцыяльнасьці. Яны адрозьніваюцца ад маладзёвага жарґону найперш складам лексыкі: большая частка іх — словы, якія абазначаюць розныя прадметы і зьявы пэўнай прафэсійнай дзейнасьці. Там, дзе звычайны чалавек скажа хвост, паляўнічы назаве больш за дзесяць словаў, якія абазначаюць розныя віды хвастоў жывёлаў; у сталяра кожны інструмэнт мае сваю назву, якая адрозьніваецца ад літаратурнай; паліґрафісты даюць сваё найменьне розным відам памылак, браку друкаванай прадукцыі. Вельмі часта такія прафэсійныя словы маюць сынонімы ў літаратурнай мове. Прафэсійныя жарґоны адрозьніваюцца ад прафэсійных тэрміналяґічных сыстэмаў сваімі адносінамі да літаратурнай мовы. Першыя знаходзяцца па-за яе межамі. Аднак па выкарыстаньні прафэсійныя жарґоны блізкія да маладзёвых; яны ўжываюцца ў неафіцыйных абставінах, найчасьцей сярод прадстаўнікоў адной прафэсіі. Як і маладзёвыя, прафэсійныя жарґоны вельмі экспрэсіўныя.

Найбольш старажытныя паводле паходжаньня жарґоны трэцяга тыпу: мовы вандроўных рамесьнікаў, гандляроў, жабракоў дарэвалюцыйнай Расеі, Украіны, Беларусі, а таксама жарґон злачынцаў. Да гэтых жарґонаў у большай ступені падыходзіць назва ўмоўныя (або тайныя) мовы. Гандляры і рамесьнікі, ідучы на заробкі далёка ад родных мясьцінаў, дамаўляліся пры неабходнасьці гаварыць так, каб сярод чужых ніхто ня мог іх зразумець. Ствараліся ня проста асобныя словы, а цэлыя лексыка-сэмантычныя сыстэмы — мовы, на якіх складалі песьні, частушкі, прымаўкі, вершы. Лексыка ўмоўных моваў багатая і разнастайная. Тут ёсьць усе паўназначныя часьціны мовы (назоўнікі, прыметнікі, лічэбнікі, дзеясловы, прыслоўі). Службовыя ж часьціны мовы браліся звычайна з агульнанароднай мовы. Словы ўмоўных моваў абазначалі і зьявы прыроды, і фізычны і псыхічны стан чалавека, і разнастайныя прадметы пэўнай спэцыяльнасьці і сялянскага побыту, жывёлаў і расьліны, уласьцівасьці і прыметы прадметаў, найбольш распаўсюджаныя дзеяньні.

Да ліку беларускіх умоўных моваў адносяцца катрушніцкі лемезень (мова шапавалаў с. Дрыбіна Магілёўскай губэрні); парушніцкі лемез (мова шклоўскіх краўцоў і шапавалаў); адверніцкая гаворка (мова рамесьнікаў Крычава Магілёўскай губэрні); мова шапавалаў Навазыбкава і краўцоў Жыздры (цяпер у Бранскай і Калускай абласьцях Расейскай Фэдэрацыі, але іх трэба аднесьці да беларускіх); любецкі лемент (мова жабракоў Амсьціслаўскага, Чавускага, Клімавіцкага, Чэрыкаўскага паветаў Магілёўскай губэрні, а таксама Чарнігаўскага, Імглінскага і Бранскага паветаў); мова семежаўскіх жабракоў з в. Семежава Слуцкага павету Менскай губэрні; выцірняцкі гаўрыднік — мова лабараў — прафэсійных зьбіральнікаў ахвяраваньняў на патрэбы царквы, а першапачаткова і касьцёлаў (м. Іванава Кобрыньскага павету Гарадзенскай губэрні).

Храналяґічна першым зьяўляецца ўпамінаньне аб адверніцкай гаворцы крычаўскіх мяшчанаў — краўцоў і шаўцоў у «Апісаньні Крычаўскага графства ці былога староства 1786 году» А. Меера (апублікаваная Е. Р. Раманавым у 1901 г.). Меер прыводзіць 6 выразаў, 35 назоўнікаў і 5 дзеясловаў гэтай гаворкі. У 1853 г. С. Мікуцкі апублікаваў кароткі слоўнічак любецкай мовы (мовы сьляпых жабракоў, старцаў). Слоўнік уключаў 65 слоў, сярод якіх былі такія, як хира 'рука', троить 'есьці', сапи 'маўчы', карыга 'дзеўка', галость 'соль'.

Умоўная мова лабараў зь мястэчка Янава (Іванава) была апісаная Ф. Стаўровічам у 1869 г. Калісьці янаўцы належалі польскім каралям і карысталіся пэўнымі прывілеямі. Пасьля мястэчка пераходзіла ад аднаго пана да другога, але прывілеі (напрыклад, вызваленьне ад паншчыны) заставаліся. Менавіта гэта, а таксама недастатковая колькасьць зямлі і прывялі сялянаў Янава да лабарства. Амаль увесь год лабары вандравалі па краіне з царкоўнымі кнігамі, у якія яны запісвалі ахвяраваныя сумы. Аднак акрамя гэтага яны займаліся яшчэ жабрацтвам і проста махлярствам.

Лабары мелі і сваю асобую мову, якой карысталіся ў прысутнасьці чужых людзей. Стаўровіч прыводзіць колькі словаў зь іх мовы: хлюса 'царква', Охвес 'бог', Корх 'сьвятар', ставер 'крыж', хирганица 'чалавек', ребсанька 'кніга для запісу ахвяраваньняў', либерская гавридня 'лабарская размова', хрущ 'рубель', хлюсный ставер 'царкоўны крыж'. Некаторыя з гэтых словаў запазычаныя з грэцкай мовы, напрыклад тэос — бог, стаўрос — крыж, экклезіа — царква. Аднак на пытаньне дасьледчыка, адкуль вы навучыліся гэтай мове, «адзін са старых лабараў адказаў, што яны навучыліся яе ад рускіх, г. зн. напэўна ад афеняў».

Любецкі лемент быў апісаны Е. Р. Раманавым. З розных тыпаў жабракоў (ці, як яны сябе называлі, старцоў, калек, сьляпых) Раманаў лепш за ўсё вывучыў найбольш распаўсюджаны тып: жабракоў-песьняроў. Гэта ў асноўным сьляпыя жабракі, якія хадзілі з павадырамі — хлопчыкамі 8–15 гадоў. Просячы міласьціну, жабракі сьпявалі псалмы, якія яны вывучвалі за невялікую плату звычайна ў «майстра» — таксама сьляпога жабрака.

З даўніх часоў у старцаў існавала асобае самакіраваньне, якое вырашала многія пытаньні, у тым ліку і пытаньні «абароны» старцаў ад «зьнешняга сьвету». Гэтымі ж прычынамі (схаваць свае намеры ад чужых) тлумачыцца і наяўнасьць у іх любецкага лемента.

Е. Р. Раманаў запісаў каля 1000 словаў любецкага лемента ў Амсьціслаўскім, Клімавіцкім, Чэрыкаўскім і Чавускім паветах Магілёўскай губэрні. Сярод іх, напрыклад, такія, як дылька 'вада', сиянка 'сонца', кудень 'дзень', лох 'мужык, мужчына', шусцянин 'мешчанін', тройман 'твар', лыкша 'каша', настыжник 'спадніца', клюжать 'ляжаць', явлыда 'карова', лапуха 'капуста', учинятца 'маліцца', клёвый 'добры', і г. д.

Нарэшце, у апублікаванай у 1912 г. ў «Беларускім зборніку» (9 выпуск) «Спробе слоўніка ўмоўных моваў Беларусі» Е. Р. Раманаў зьмясьціў звод усіх вывучаных да таго часу беларускіх умоўных моваў. Раманаў спрабаваў высьветліць паходжаньне гэтых моваў разам з гісторыяй узьнікненьня саміх моваў. Так, ён лічыў, што пасьля падзеньня Бізантыі на Русь хлынулі натоўпы грэцкіх і афонскіх манахаў, якія зьбіралі ахвяраваньні на храмы і манастыры; пасьля гэтага і зьявіліся на нашай зямлі «кубракі» і «лабары» з такімі ж мэтамі, мова якіх была часткова падобнай на афонскую («афінскую»). Усе гэтыя лемезні, лементы, гаўрыднікі мелі, на думку Раманава, агульнае паходжаньне. Ён прыводзіць цэлыя выразы на ўмоўных мовах, напрыклад: Гурь маньку хавбов 'Дай мне грошай' (Дрыбін); Похлим керо керить 'Пайшлі піва піць' (тамсама); Клёво хвесить 'Добра сьпявае' (Шклоў). Навукоўца адзначае і перамены, якія адбываліся ва ўжываньні ўмоўных моваў: напрыклад, было заўважана, што жабрацкая моладзь («любкі» Магілёўскай губэрні) з усё меншай ахвотай вывучала любецкі лемент, аддаючы перавагу адверніцкай гаворцы, г. зн. звычайнай беларускай мове, але з дабаўленнем або ўстаўкай у словы пэўных гукавых элемэнтаў (хер, ку, шу, ша, це, уймуд і г. д.). Такая гаворка, напрыклад, поўнасьцю выцесьніла «лемент» з мовы жабракоў Слуцкага павету Менскай губэрні. Е. Р. Раманаў параўнаў беларускія ўмоўныя мовы з расейскімі й польскімі. У наш час спробу параўнаць ўсходнеславянскія ўмоўныя мовы зрабіў В. Д. Бандалетаў.

Лексыка беларускіх умоўных моваў (іх таксама называюць арґо) часткова запазычаная з грэцкай, нямецкай і іншых моваў, часткова створаная на базе беларускай. Напрыклад, былі запазычаныя такія словы: мелюс 'мёд', макрый 'малы', петрус 'камень' (з грэцкай), штэк 'палка', цигаль 'каза', шнейдэр 'кравец' (зь нямецкай ці новагабрэйскай — ідыш), сьвяно 'сьвята', девент 'дзевяць' (з польскай), басать 'рэзаць' (з татарскай). Шмат словаў у гэтых арґо і з адверніцкай гаворкі, г. зн. мовы, словы якой уяўляюць сабой скажоныя (перастаноўкай складоў ці ўстаўкай іншых гукаў) словы беларускай мовы: кубакуцька 'бацька', шухашута 'хата', кувясна 'вясна'. Нарэшце, у складзе гэтых гаворак былі словы, створаныя на базе беларускай мовы з дапамогай розных словаўтваральных сродкаў: хадырки 'ногі', касьляты 'яблыкі', рыкуха 'карова', кругляки 'яйкі'.

Цікавым зьяўляецца і размеркаваньне лексыкі ўмоўных моваў па тэматычных ґрупах. Так, у «Беларускім зборніку» Е. Р. Раманаў выдзяляе наступныя прадметна-паняційныя групы слоў.

  1. Зьявы і прадметы прыроды: суга, делька 'вада', сьвянка, дэус 'сонца', цір 'пясок', кугод 'год', дэушница 'тыдзень'.
  2. Прадметы духоўныя: сьвяно 'сьвята', хлюса, дэушница 'царква', калаган 'звон', псалка 'духоўны верш, псалм'.
  3. Чалавек: цыризник 'цар', бакштэйка, ёрица 'маці', юган 'цыган', апульщик 'купец', главда 'галава', красинка 'кроў'.
  4. Ежа: пирьха 'мука', артимос 'блін', буклей 'квас'.
  5. Адзеньне: настыжница 'спадніца', подрубсень 'пояс', хвилистка 'хустка', верзюки 'лапці'.
  6. Жыльлё, рэчы, прылады: свигород, шусто 'горад', хаз 'хата', дергутница 'млын', хазомка 'пакой', бодабка 'іголка'.
  7. Жывёлы: волот 'конь', лынь 'воўк', бурчавка 'пчала'.
  8. Расьліны: зедка 'жыта', сувязка 'грэчка', товпыжница, солодимная 'морква' (літаральна 'рэдзька салодкая'), вихро 'сена'.
  9. Дзеяньні: ерчать 'ехаць', лыхтитца 'сьмяяцца', сиворить 'мёрзнуць', пропулять 'прадаваць', севорить 'сеяць'.
  10. Уласьцівасьці і якасьці: шавлый 'вялікі', ласый, тонкимный 'тонкі', дулясный 'гарачы', няўлепый 'сьляпы'.
  11. Лікі і меры: ёный 'адзін', стромах 'тры', кусотня 'сто', бакрышний 'другі', лухтовина 'палова', вихт 'фунт'.
  12. Найбольш ужывальныя займеньнікі: мань 'я', бальва 'ты', собеский 'свой', тонтый 'той', коро 'што', сабасный 'сам'.
  13. Асноўныя прыслоўі: посо 'многа', мугром 'хутка', шимчей 'лепш', нисвязу 'ніколі', шот 'вось', кусеньня 'сёньня'.
  14. Фразы на ўмоўнай мове: Корнем Ахвесу чанитца 'Будзем Богу маліцца'.

Цяпер умоўныя мовы практычна выйшлі з ужытку: адышлі ў мінулае сацыяльныя ўмовы, што спарадзілі іх. Асобныя слоўцы са старых умоўных моваў захаваліся яшчэ ў дыялектах або перайшлі ў жарґоны новага тыпу, напрыклад у маладзёвы жарґон: клёва 'добра', хаз (хаза) 'дом' ('кватэра').

Асноўныя элемэнты жарґонаў (жарґанізмы) часам выкарыстоўваюцца ў мастацкіх творах для характарыстыкі мовы пэрсанажаў. Аднак іхнае выкарыстаньне павінна быць вельмі мэтазгодным, апраўданым, бо злоўжываньне жарґоннай лексыкай засьмечвае мову.

Літ.: Романов Е. Р. Белорусский сборник. Вып. 9. Опыт словаря условных языков Белоруссии: С параллелями великорусскими, малорусскими и польскими. Вильна, 1912; Александровіч С. Кравецкі жарґон // Беларусь. 1946. № 5–6; Бондалетов В. Д. Белорусские арго в их отношении к арго русским и украннским // Тыпалогія і ўзаемадзеянне славянскіх моў і літаратур. Мн., 1973.

* Крыніца: Лукашанец А.Г. жарґон / Беларуская мова. Энцыклапедыя. Пад рэд. д.ф.н., праф. А.Я.Міхневіча. Мн., "Беларуская энцыклапедыя" імя Петруся Броўкі, 1994. Сс. 202-204.
OCR, вычытка: Максім Русо і Мікола Раманоўскі.
Націскі передаюцца падкрэсьліваньнямі, р а з р а д к а — тлустым шрыфтам.
Пераклад у клясычны правапіс: Uladzimir Katkouski.


See also / Гл. таксама:

- Фенечка - беларускі слоўнікі хіпі і панкаў - Адам Глёбус
- Забыты слэнґ Top-100 - Любоў Шаталава
- Пра сфэру ўжываньня мовы і варыянтнасьць - Worvik (Уладзімер Мацкевіч)
- Вазьму ўрокі трасянкі - Марына Куноўская
- Беларуская кампутарная і інтэрнэтная тэрміналёгія - Сяргей Шупа
- Слэнґавая тапаніміка Менску - Алеська ("Студэнцка Думка")
- Беларускі Netspeak - Uladzimir Katkouski
- Мова-2000 - Сяргей Дубавец;

Напішыце водгук // Write your comment


© Сябры вэб-дружыны Pravapis.org і Ўладзімер Каткоўскі, 2001-2005. Усе правы захаваныя. Пры перадрукоўцы спасылка абавязковая.





 • Рэкамэндаваны web hosting (адкажу на вашы пытаньні);
 • Кнігарня oz.by (Беларусь) і скарбонка rodina.by (Беларусь);
 • Кнігі па-ангельску з amazon.com (ЗША), гл. нашу новую выбарку;
 • Таксама кнігі па-нямецку і па-ангельску з amazon.de (Нямеччына).