Раім набыць:
Папулярныя старонкі:
Беларускія літары: |
вярнуцца да артыкулаў Слоўнік Свабоды. ЖыдыСяргей Шупа У канвэнцыях клясычнага правапісу («тарашкевіцы») і ў жывой беларускай мове дасавецкага часу гэтае слова было адзіным назовам народу, лёс якога за стагодзьдзі супольнага жыцьця цесна пераплёўся зь беларускім. У гэтым сэнсе Беларусь належала таму самаму эўрапейскаму арэалу, што й Польшча, Літва ды іншыя краіны Ўсходняй Эўропы, дзе словы Zyd, Zydas ня маюць ніякага абражальнага або адмоўнага адценьня. Гвалтоўная русыфікацыя падсавецкай Беларусі надала беларускаму слову жыд зусім іншае гучаньне — у расейскамоўным кантэксьце яно ўспрымаецца гэтаксама як і адпаведнае расейскае, безумоўна абразьлівае, слова. Апошнімі дзесяцігодзьдзямі вяртаньне да клясычнага, несавецкага варыянту беларускай мовы зноў паставіла пытаньне аб статусе слова жыд — аб тым як вярнуць яго ва ўжытак, ня крыўдзячы самых прадстаўнікоў гэтага народу. Праблемай найчасьцей паўставала тое, што апошні раз замена савецкага яўрэй на несавецкае жыд адбылася ў надзвычай трагічны для нашых народаў час Другой сусьветнай вайны, што не магло не выклікаць у сёньняшніх людзей балючых асацыяцыяў. З другога боку ўспрыманьне гэтага слова залежыць і ад таго, кім лічыць нас, беларусаў — асобным усходнеэўрапейскім народам (як палякі або літоўцы), або нейкімі «малодшымі братамі» расейцаў і мову нашую — толькі адгалоскам расейскай з усімі яе сэнсавымі асацыяцыямі. Гэтая дылема, аднак, дагэтуль застаецца нявырашаная, а прыхільнікі клясычнага правапісу часта, каб пазьбегнуць канфрантацыі, ужываюць словы гэбрай, гэбрайскі. Слова жыд загінула ў полымі Галакосту, слова яўрэй — на руінах савецкай імпэрыі. «Вы ўскрэсьнеце, Жыды, усьлед за Беларусяй», - спадзявяўся Янка Купала ў 1919 годзе. Гэтаму прароцтву не было наканавана збыцца. Другая сусьветная вайна ў Беларусі забрала ў нябыт цэлы культурны кантынэнт беларускага жыдоўства (задумаемся, чым рэальна напоўненая вядомая ўсім формула «кожны чацьверты»). Гэты кантынэнт зьнік як Атлянтыда. Ягонымі спадкаемцамі застаемся мы ўсе. |
© Сябры вэб-дружыны Pravapis.org і Ўладзімер Каткоўскі, 2001-2005. Усе правы захаваныя. Пры перадрукоўцы спасылка абавязковая.
|