Наведайце Amazon.com і купляйце кнігі - грошы ідуць на аплату госьцінгу і разьвіцьцё гэтага сайту pravapis.org дахаты

English version

news / naviny
articles / artykuly
books / knihi
buy books / kuplaj knihi
dictionary / slounik
download
utilities / ultylity
links / spasylki
forum
about

Раім набыць:
Ґраматыка
ангельскай мовы
(па-расейску)

Папулярныя старонкі:
Новы правапіс-2005
Перакладчык з translit'у
Перакладчык у лацінку
Жывая мова online
L10n – лякалізацыя
Ґґ – новая літара
Менск у 1930 г.
Гасьцёўня
<br23> блоґ

Беларускія літары:

Ć ć   Ł ł   Ń ń   Ś ś   Ź ź
Č č   Š š   Ŭ ŭ   Ž ž  

вярнуцца да артыкулаў
раздрукаваць

Кітабы — унікальная зьява ў беларускай мове

паводле В. І. Несьцяровіча

Вашай увазе прапануюцца вытрымкі з артыкула Несьцяровіча, які быў надрукаваны ў энцыкляпэдыі "Беларуская Мова" (Менск:1994). Мушу адзначыць, што ў сваім артыкуле сярод дасьледнікаў Несьцяровіч абыходзіць увагай доктара Янку Станкевіча. Ягонае імя ў артыкуле наагул не згадваецца, хаця менавіта Янка Станкевіч у 50-х гадох мінулага стагодзьдзя актыўна дасьледваў мову рукапісу Аль Кітабаў. (Ніжэй гл. адсканаваную вокладку ягонай працы MOVA RUKAPISU AL KITAB, якая дарэчы была цалкам напісаная лацінкай).

Уладзімер Каткоўскі

pravapis.org - Al Kitab manuscript - sacred Tatar books in Belarusian language and Arabic writing Кітабы — кнігі, напісаныя на беларускай мове ў арабскай абэцэдзе. Ствараліся кітабы з 16-га стагодзьдзя татарамі, што жылі ў Беларусі, у Вялікім Княстве Літоўскім ў 14-15 стагодзьдзях і паступова забыліся на сваю родную мову. Дзеля захаваньня рэлігіі яны вымушаны былі перакласьці Каран ды іншыя ісьлямскія кнігі на беларускую мову, захаваўшы пры гэтым арабскую абэцэду.

Зьмест кітабаў — усходнія легенды, казкі, прыгодніцкія аповеды, апісаньні мусульманскіх рытуалаў, гэтак званы Мэрадж (паэма пра ўзьнясеньне Магамэта ў нябёсы), маральна-этычныя павучаньні для моладзі (пра шанаваньне бацькоў, гасьцей, жабракоў, сіротаў, суседзяў ды інш.), варажба па літарах Карана, разгадка сноў. Апрача кітабаў таксама існуюць тэфсіры (Каран з падрадковы камэнтаром па-беларуску ці па-польску), тэджвіджы (правілы чытаньня Карана), хамаілы (адмысловыя малітоўнікі).

Пачынаючы з 14 стагодзьдзя ў Беларусі пачалі сяліцца татары, адныя як ваеннапалонныя, другія — добраахвотна, у пошуках лепшага жыцьця. Пэўны час яны захоўвалі свае традыцыі, культуры ды мову, але пакрысе далучаліся да беларускага культурнага кантэксту, забыліся на татарскую мову і перанялі беларускую. У 16-17 стагодзьдзях пераважная большасьць вялікалітоўскіх татараў ня ведала сваёй мовы. Як сьведчыць Рысале-і-татар-і лех (гэта цыдулка-справаздача 1557-1558 гадоў невядомага татарына турэцкаму султану Сулейману пра татараў-перасяленцаў ў Беларусі ды Літве), родную мову тады ведалі адно тыя татары, які перасяліліся ў Вялікае Княства значна пазьней. Тым, хто ўжо не разумеў па-татарску, прапаноўвалася: "Калі хто па-татарску ня ўмее, то па-руску няхай абракайецца". Гэта вытрымка з тэксту першай паловы 18-га стагодзьдзя, "па-руску" мелася на ўвазе на старабеларускай мове, а "абракайецца" значыць "размаўляць". Гэтая акалічнасьць вымусіла перакласьці мусульманскую літаратуру на беларускую мову, захаваўшы вонкавае афармленьне бязь зьменаў (у тым ліку абэцэду).

Вывучэньне кітабаў пачалося ў 19 стагодзьдзі. Іхным першаадкрывальнікам уважаецца прафэсар Пецярбурскага ўнівэрсытэту ўсходазнаўца А. В. Мухлінскі, які ў працы "Дасьледваньне пра паходжаньне ды стан літоўскіх татараў" (С-Пб., 1857) надрукаваў урыўкі з кітабаў і адзначыў, што "можна было бы стварыць з гэных кніг невялічкую бібліятэку". Па сьмерці навукоўцы (1877) вывучэньне тэкстаў кітабаў прыпынілася. Пра іх успомнілі толькі на пачатку 20-га стагодзьдзя (Янка Станкевіч, І. І. Луцкевіч, Я. Ф. Карскі, І. Ю. Крачкоўскі ды іншыя). Вельмі грунтоўна дасьледваў гэтыя тэксты А. К. Антановіч. У кнізе "Беларускія тэксты, напісаныя арабскім пісьмом" (1968) ён разгледзеў 24 арыгінальныя тэксты (сярод іх 8 кітабаў), даў дэталёвую моўную характарыстыку, выказаўся пра месца і час узьнікненьня кожнага зь іх, разгледзеў графіку, дастасаваную татарамі да беларускай фанэтыкі, прывёў шэраг трансьлітараваных урыўкаў.

Кітабы напісаныя і чытаюцца справа налева, тэкст пачынаецца там, дзе ў беларускіх кнігах скончваецца. Колькасьць бачынак у кожным кітабе розная — ад 70 да 1000. Радок суцэльны, няма падзелу між словамі, няма вялікай літары ды знакаў прыпынку. Перанос словаў падпарадкоўваецца аднаму правілу: кожны наступны радок павінен быць роўны з папярэднім. Новы твор (раздзел) пачынаецца словамі "баб" (раздзел, пачатак новага зьместу) ці "хікайет" (аповесьць, апавяданьне). Іншым разам гэтых словаў няма, тады на палях выпісваюцца першапачатковыя словы (першы сказ), якія таксама паказваюць на пачатак новага зьместу.

Al Kitab - Arabic script, but this is written in Belarusian actually!
Урывак зь легенды "Мэрадж".
Гэта напісана па-беларуску!

Мова кітабаў адрозьніваецца ад мовы старажытных беларускіх пісьмовых помнікаў, яна блізкая да беларускай народнай мовы. У тэкстах адлюстравалася беларуская лексыка (спрэчка, заранак, прысмакі, згода, гадаваць), фразэалёгія (як вокам мільгнуць, як слова сказаць, на сьвет пусьціць, на пазногаць, шлюб браць), беларускі сынтаксыс (пайшоў па прароцкую душу, дзякаваць таварышу). З дапамогай арабскай графікі, дастасаванай да беларускай фанэтыкі, больш дакладна, у параўнаньні з кірылаўскімі пісьмовымі помнікамі, перадаюцца некаторыя гукавыя асаблівасьці беларускай мовы, у першую чаргу дзеканьне і цеканьне, разнастайныя асыміляцыйныя зьмяненьні, паколькі ў арабскай графіцы былі розныя літары для абазначэньня парных гукаў, напрыклад с - сь, з - зь, д - дзь, т - ць: на сьвеце, зь вечара, зьнік, вернасьць, дзьверы.

Колькі трансьлітараваных урыўкаў з кітабаў: "Сюлейман казал собі палац вусокій збудова[ц]і... алі рыба одна мором плыне і стала... рэкла: - Господару Сюлеймане... пан Бог казал мні ў [ц]ебе йесь[ц]і піці просі[ц]ь. Сюлейман рэк: - Міла рыба. Праўда. Ото майеш што йесь[ц]і і пі[ц]і" (тэкст 17 стагодзьдзя); "Потым йешчэ варота адчынілісе... там відзеў адзін полк жанок... - Што гэтыйе на сьвеце чынілі? Ангел рэк: Малако свайе прэдавалі. У йіх усіх свае дзеці былі, свае пакінуўшы, чужыйе мамчылі" (тэкст 18 стагодзьдзя); "Што прас сон пабачыш. Калі сонца ўпатуху бачыць, гультайом будзе. Калі езьдзіць на караблі, абернецца, госьць будзе" (тэкст 19 стагодзьдзя).

У кітабах выкарыстоўваюцца ўсходнія словы, якія абазначаюць разнастайныя мусульманскія рытуалы і рэлігійныя тэрміны: селам (салам, селям) — мусульманскае вітаньне ў фразэалягізьме "даць селям"; васійят (вэсійят) — духоўны запавет, джаназэ — малітва на могілках ды інш. Пераважная большасьць гэткіх словаў улучаецца ў сыстэмныя адносіны (назоўнікі скланяюцца, дзеясловы спрагаюцца). Нямала ўсходніх словаў атрымліваюць пад уплывам беларускай мовы іншыя формы. Напрыклад, слова "дуа" — малітва, просьба, заклік — прыняло памяншальна-ласкальную форму "дуайка". Арабскае слова "кяфір" — нявернік — дало вытворныя кяфіры, кяфірскі, кяфіране. Як лічаць арабістыы, напрыклад У. П. Дзямідчык, гэткія словы не маглі перакладацца. Яны інтэрнацыянальныя сярод мусульманаў, бо маюць больш чым канкрэтнае значэньне — прызнаньне веры ў адзінага бога. Выкарыстаньне гэтых словаў рытуальнае. Такія словы хоць і адчулі ўплыў беларускай мовы, але ў беларускую мову патрапіць не маглі, бо кітабы не маглі быць перадатчыкамі словаў у народна-дыялектную мову беларусаў з тае прычыны, што пісьменства мела замкнёны характар, беларусы не разумелі яго і не маглі, паводле мусульманскіх канонаў, атрымаць доступ да яго.

Вывучэньне кітабаў дае каштоўны матэрыял для філёлягаў, этнографаў, фальклярыстаў, гісторыкаў, ісьлямістаў, цюрколягаў, арабістаў. Кітабы захоўваюцца ў бібліятэках Акадэміі Навук Беларусі, Акадэміі Навук Летувы, Віленскім, Пецярбургскім ды Казанскім унівэрсытэтах, у Віленскім гісторыка-этнаграфічным музэі, у прыватных бібліятэках.

Літаратура:Al Kitab article of Jan Stankievich about acred Tatar books in Belarusian language and Arabic script

  • Janka Stankievic. Mova rukapisu Al Kitab. Casc I. Fonetyka. New York 1954
  • Д-р Ян Станкевіч. Беларускія мусульмане і беларуская літаратура арабскім пісьмом. Гадавік Беларускага Навуковага Таварыства ў Вільні. Вільня. 1933. Кніжка І. (Другі малюнак з урыўкам тэкста ўзяты з гэтага артыкулу)
  • Луцкевіч І. Ай-Кітаб-Кіцёп. "Беларускае жыцьцё". 1920. №6
  • Луцкевіч І. Ай Кітаб. Зб. "Наша Ніва". Вільня, 1920
  • Карскі Я. Ф. Беларуская мова арабскім пісьмом. Вести Нар. коммисариата просвещенияя ССРБ. 1922. №1\3
  • Шлюбскі А. Беларуская мова арабскай транскрыпцыяй. "Наш Край" 1926. №6-7
  • Вольскі В. Асноўныя прынцыпы арабскай транскрыпцыі беларускага тэксту ў "Кітабах". "Узвышша" 1927. №6
  • Вольскі В. Аб асаблівасьцях жывой мовы беларускіх татар і арабскай транскрыпцыі "Алькітабаў". "Наш Край" 1927, №8-9
  • Антонович А.К. Белорусские тексты, писанные арабским письмом, и их графико-орфографическая система. Вильня, 1968


Калі вы ўбачылі памылку альбо маеце нейкую параду ці заўвагу, калі ласка, дасылайце свае лісты на нашу пащтовую скрынку.

See also / Гл. таксама:

- Інтэрвію зь Юрасем Бушлаковым з нагоды выхаду двухтамовіка Янкі Станкевіча
- Інтэрвію з Валерам Булгакавым з нагоды выхаду двухтамовіка Янкі Станкевіча

Напішыце водгук // Write your comment


© Сябры вэб-дружыны Pravapis.org і Ўладзімер Каткоўскі, 2001-2005. Усе правы захаваныя. Пры перадрукоўцы спасылка абавязковая.





 • Рэкамэндаваны web hosting (адкажу на вашы пытаньні);
 • Кнігарня oz.by (Беларусь) і скарбонка rodina.by (Беларусь);
 • Кнігі па-ангельску з amazon.com (ЗША), гл. нашу новую выбарку;
 • Таксама кнігі па-нямецку і па-ангельску з amazon.de (Нямеччына).


Singapore wedding video . satta matka . btd5 hacked