Наведайце Amazon.com і купляйце кнігі - грошы ідуць на аплату госьцінгу і разьвіцьцё гэтага сайту pravapis.org дахаты

English version

news / naviny
articles / artykuly
books / knihi
buy books / kuplaj knihi
dictionary / slounik
download
utilities / ultylity
links / spasylki
forum
about

Раім набыць:
Ангельская мова
цяжкасьці перакладу
(па-расейску)

Папулярныя старонкі:
Новы правапіс-2005
Перакладчык з translit'у
Перакладчык у лацінку
Жывая мова online
L10n – лякалізацыя
Ґґ – новая літара
Менск у 1930 г.
Гасьцёўня
<br23> блоґ

Беларускія літары:

Ć ć   Ł ł   Ń ń   Ś ś   Ź ź
Č č   Š š   Ŭ ŭ   Ž ž  

вярнуцца да артыкулаў
раздрукаваць

Менск слэнгавы

Алеська, Студэнцкая Думка

Любое месца мае афіцыйны назоў. Адылі ня кожнае зь іх мае гонар насіць яшчэ другое імя. Каб быць такім чынам ушанаваным, месца мусіць мець нейкую адметнасьць. Гэтая спэцыфіка часта замацоўваецца ў слэнгавых назовах.

Можна вылучыць некалькі пазыцыяў, па якіх магчыма клясыфікаваць менскі тапанімічны слэнг:

  • Незвычайная архітэктура будынку. Напрыклад, дамы з назвамі "Даляр", "Падкова", "Шайба", "Туліпан", "Кукурузы".
  • Даўгія і замежнага паходжаньня назовы маюць тэндэнцыю да скароту: "Конса", "Філа", "Макдон".
  • Надпіс на доме можа стаць ягоным назовам: "Цэнтар", "Подзьвіг", "Народ", "Эўропа".
  • Нарэсьце, любое тусовачнае месца (кавярні, пляцоўкі, бары, крамы, сталоўкі) мае слэнгавую назву.

Belarusian language - Minsk slang and colloquial expressions Ёсьць таксама назовы, якія ужываюцца дагэтуль, нягледзячы на зьмены, архітэктурныя перабудаваньні і г.д. Але народная памяць захоўвае найбольш трапныя найменьні нават зьніклых аб'ектаў. Таму гістарычны агляд таксама можа быць цікавым.

Цэнтар, Пятачок перад Макдонам. Назоў утварыўся ад надпісу на ўнівэрсаму "Цэнтральным", а таксама з-за блізкасьці да рэальнага цэнтру горада. Тут зьбіраюцца панкі, скінгеды, анархісты, юпі й тыя, каму папросту няма чаго рабіць. Гэткі зрэз "залатой моладзі".

Макдон, ДаблДональдс. Неафіцыйныя назвы самай папулярнай у сьвеце рэстарацыі "МакДональдс". Макдон - скарачэньне назову. Частка другой назвы "Дабл" паказвае на тое, што ў народзе гэтую ўстанову ўважаюць за ўсясьветную сетку найтаньнейшых прыбіральняў.

Памойка (некаторыя назовы мы адмыслова не перакладалі на беларускую - дзеля любові да народнай творчасьці. Тым болей што, бывае, і не разьбярэш, якою ж моваю "ахрышчоны" той ці іншы аб'ект, а пры перакладзе часам губляецца этымалёгія назоваў - заўв. рэд.). Кавярня пад Макдонам. Кажуць, што назва пайшла з-за якасьці згатаванае ежы. Існуе таксама назоў Гадзюшнік - ніжні паверх былой кавярні, а Пад Слонікамі - верхні. На тым будынку колісь стаялі пінакліі - дэкаратыўныя вежачкі, якія атрымалі назву "слонікі". Слонікі -асацыяцыя з малапатрэбнымі фігуркамі слонікаў, якія ў 40-50 г.г. стаялі на камодзе, шафе, піяніна ў кожнае сям'і.

Вежа сьвятога Лаўрэньція. Бэльвэдэр на будынку КГБ. Лаўрэнціем быў ня толькі Бэрыя, але й ягоны намесьнік на Беларусі Цанава.

Саркафаг, Маўзалей. Доўгабудоўлю Палац Рэспублікі, што на Кастрычніцкай плошчы, нарэсьце скончылі будаваць. І перад нашымі вачыма паўстала нешта. Ніводнага дрэўца, ані клюмбы, ані травы навакол. Слова маўзалей паходзіць ад грэцкага mausōleion - манумэнтальнае пахавальнае збудаваньне. Маўзалеі будаваліся ў Старажытным Рыме, Сярэдняй Азіі. Слова саркафаг паходзіць ад грэцкага sarkopfagos (літаральна мясажэр) - манумэнтальная, парадна аформленая труна. Саркафагі пачалі будаваць у Старажытным Эгіпце, Старажытных Грэцыі і Рыме. У Беларусі яны зьявіліся з прыняцьцём хрысьціянства, а канкрэтна гэты - за камуністамі. Сюды водзяць экскурсіі - у асноўным замежнікаў. Хто яго ведае, можа па начох ён і жарэ мяса...

ЖФ. Жалезны Фэлікс. Помнік часоў КГБ, да якога Славамір Адамовіч ускладаў моркву (паставіў да ўзножжа).

Ля Фэлікса, Квас. Раней піўнуха ля помніку Фэліксу мела назоў "Квас" (хоць налівалі ўсё адно піва).

(Ісьці, спаткацца) на Грыцаўца (Грыцацуева). Помнік лётчыку-герою зьбірае сяброў, якія даўна ня бачыліся, аматараў моцных напояў ды іншых цікаўных.

Пуп, Пуп зямлі. Цэнтар-помнік на Кастрычніцкай плошчы, адкуль ідуць усе дарогі. "Via est vita," - напісана на ім. Гэта значыць: "Дарога - гэта жыцьцё" (ну як не пагадзіцца!). Тут пазначаны й ініцыятар усталяваньня помніку: "Знак адліку кілямэтражу аўтамабільных дарог устаноўлены зь ліпеня 1998 году па ініцыятыве Камітэту па аўтамабільных дарогах пры падтрымцы Менскага гарвыканкаму" (напісана па-беларуску!!!). Вакол Пупа зьбіраюцца цікаўныя, разглядаюць надпісы...

Нёман. Дырэктарам былой рэстарацыі "Нёман" калісьці быў нехта Нёма. Зараз на гэтым месцы знаходзіцца рэстарацыя "Гішпанскі куток".

Труба. Пераход пад Скарынаўскім праспэктам на станцыі мэтро "Кастрычніцкая-Купалаўская". Тут заўсёды ажыўлена. Тусуюцца прадстаўнікі многіх сучасных моладзевых кірункаў, але ў асноўным скінгеды (з голенымі галовамі). Вялікая Труба - ужо ў самім мэтро - пераход на "Купалаўскую", Малая Труба - на "Кастрычніцкую". Падзел тлумачыцца тым, што прыступкі - гэта вялікі праход, а лесьвіца, якая рухаецца, малы.

Кішка. Пераход, які злучае пасярэдзіне станцыі мэтро "Кастрычніцкая" й "Купалаўская". Тусавацца тут немагчыма, бо пасажыры рухаюцца зь вялікай хуткасьцю.

Панікоўка. Сквэр ля Прэзыдэнцыі і Купалаўскага тэатру. Назва паходзіць ад фантану, дзе можна пабачыць хлопчыка зь лебедзем. Народная фантазія праасыцыявала хлопца з Панікоўскім, а лебедзя з гусём. Тут зьбіраецца моладзь зь півам ды бабкі-ботлхантэры.

Прэзыдэнцыя. Такі назоў атрымаў будынак Адміністрацыі прэзыдэнта. Хто там знаходзіцца, зразумела. А тусуюцца побач з прэзыдэнцыяй міліцыянты.

Нацыяналка. Гэта зусім ня дзеўчына з нацыяналістычнымі поглядамі, а Нацыянальная бібліятэка Беларусі (раней Бібліятэка імя Леніна - Ленінка). Абыгрываецца таксама слова "nazi". Назва бібліятэкі набывае зусім ужо злавеснае гучаньне: нацы, назі, нацыкі.

Тытанік. Круглая заля ў Нацыянальнай бібліятэцы (навукова-тэхнічная). Месца, дзе звычайна прызначаюць сустрэчы асьпіранты й іншая "навуковая" моладзь (і ня толькі). Сёньня назоў страчвае сваю актуальнасьць, бо вялізныя вокны, якія надаюць залі падабенства да рубкі карабля, завешаныя фіранкамі-жалюзі.

Мутнае Вока. Кавярня ў Доме Мастака (пазьней перайменаваным у Дом Актора, а яшчэ пазьней зноў у Дом Мастака). Кавярня ёсьць улюбёным месцам збору актораў, мастакоў, то бок артыстычнае "багемы". На маё пытаньне: "А чаму ж вока мутнае?", мне адказалі: "А хто там цьвярозы быў?"

Стомэтроўка. Частка Скарынаўскага праспэкту ад цырку да плошчы Перамогі. Увечары тут працуюць дзевачкі й іхныя сутэнэры. Прыстойным дзяўчатам хадзіць рэкамэндуецца да 22-х гадзін, а пасьля гэтага тэрміну ў суправаджэньні сэк'юрыці.

Круглая плошча. Плошча Перамогі мае хутчэй авальную форму. Круг даўна перабудавалі, а назва засталася.

Подзьвіг. Калі стаяць тварам да помніку на плошчы Перамогі, то ўперадзе, зьлева і справа, бачым два аднолькавыя жоўтыя будынкі, падобныя як блізьнюкі. На левым зьверху напісана "Подвиг народа", а на правым "Бессмертен". Гэтыя надпісы і далі назву будынкам. Пад "Подзьвігам" і "Бясьсьмерцен" прызначаюць спатканьні закаханыя, студэнты Лінгвістычнага ўнівэрсытэту і камуністы, якія накіроўваюцца ў Дом 1-га зьезду РСДРП. Крама ў "Подзьвігу" мае такую ж назву. Трэба адзначыць, што ў "Бясьсьмерцен" функцыянуе неблагая кавярня "Бярозка", якая сама па сабе зьяўляецца арыенцірам.

Раён пыжыкавых (андатравых) капелюшоў, Царскае сяло. Раён за плошчай Перамогі паміж вуліцамі Захарава й Пуліхава. Раней тут жыла партыйная намэнклятура. Час камуністаў даўна мінуў. Пыжыкавыя капелюшы даступныя ўсім без вынятку клясам і перасталі быць прывілеяй партыйных дзеячоў. Кватэры панабывалі людзі зь вялікімі грашыма. Але назва раёну захавалася. Такая вось іронія лёсу.

Гастраном "пад шпілем". На перакрыжаваньні вуліц Краснай і Камуністычнай ёсьць крама, якая атрымала назву "пад шпілем", таму што наверсе будынка можна пабачыць шпіль з зоркаю.

Рыга насарога. Кавярня "Лета" на вуліцы Першамайскай. Без камэнтароў.

Чарнільніца. А гэта - Палац мастацтва, які знаходзіцца ля плошчы Перамогі. Атрымаў назву ад свайго бэзава-чарнільнага колеру, у які пафарбаваны. Сюды ходзіць інтэлігенцыя з вышэйшай адукацыяй паглядзець выставы.

Казлабродзкая. Так завуцца вуліцы Казлова і Даўгабродзкая (адна ёсьць лягічным працягам другой). Атрымалася гэткае вось спалучэньне назваў.

Філара, філа. Пляцоўка перад філярмоніяй. Тут зьбіраюцца аматары клясычнае музыкі да пачатку канцэртаў, нэтчыкі, фідошнікі, наведвальнікі чатаў і йншая прасунутая моладзь.

Камяні. Месца за філярмоніяй, дзе любяць зьбірацца ралевікі - сябры клюбу ралявых гульняў.

Кукурузы, Кукурузьнікі. Так называюцца некалькі дамоў, што на вуліцы Веры Харужай. А атрымалі яны сваю назву з-за незвычайнага плянаваньня: яны круглыя, з круглымі ж гаўбцамі. Усё разам нагадвае кукурузны пачатак.

Зьвёздачка. Унівэрсам "Звёздный" насупроць Кукурузаў.

Бардак Пятра Іванавіча. Так па першых літарах расшыфроўвалася былая назва Беларускай дзяржаўнай палітэхнічнай акадэміі (раней акадэмія была інстытутам - БПІ). А Пётар Іванавіч Яшчарыцын - адзін з былых яе рэктараў.

Тэлевізар. З усіх бакоў шкляная кавярня "Батлейка".

Акадэмка. Гэткі назоў маюць адразу тры аб'екты: Акадэмічная бібліятэка, станцыя мэтро"Акадэмія навук" і крама "Акадэмкніга".

Тыща свалачэй. На плошчы Калініна ёсьць крама "1000 мелочей", а побач, справа, кветкавая крама. Казалі: "Налева - тыща мелачэй, направа - тыща свалачэй".

Эўропа. Каб беларусам так жа ж лёгка было ўвайсьці ў Эўропу, як яны ўваходзяць у краму "Эўрапэйскую"!

Дамы з "малюнкамі" (каля станцыі мэтро "Ўсход"). Гэта чатыры дамы, з фасаду якіх бачныя незвычайныя мазаікі.

Падкова. Дом на Каліноўскага, 48. Мае форму падковы (усё вельмі проста).

Кулёк. Неафіцыйная назва Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту культуры. Тут тусуюцца выкладнікі; здараецца, што БДзУК наведваюць і студэнты. Вельмі спадабалася яшчэ адна назва - Інстытут культуры і адпачынку (унівэрсытэтам установа стала называцца ўзважна нядаўна).

Рыгалаўка. У будынку, дзе зараз знаходзіцца "Папараць-кветка", была забягалаўка "Фабрыка-кухня". Гэта была даступная, танная сталоўка для люмпэн-пралетарыяту, і яе назоў кажа сам за сябе. Так яшчэ, кажуць, называліся ўсе студэнцкія сталоўкі.

Плесень. Назва піўбара "Ясень", што знаходзіўся на пустыры з правага боку ад былога кляштару бэрнардынцаў (сёньняшняга архіву музэю літаратуры і мастацтва) на пляцы Волі.

Жураўлі. Былая рэстарацыя "Журавінка" на вуліцы Я. Купалы. Гэта было месца, куды хадзілі есьці комплексныя абеды й піць чэскае піва "Пілізно".

Чорныя Скалы. Назва "Тэатральнай кавярні", што на вуліцы Багдановіча, ля Сувораўскае вучэльні. Існуе легенда, што калісьці даўна навучэнцы-сувораўцы ў чорнай форме ўтварылі грандыёзную бойку ў кавярні і зрабілі кучу малу, ды такую, што зьнешне яна нагадвала высокія скалы.

Ля Скала. Кавярня "Уют" на рагу Чычэрына і Камуністычнай. Назва паходзіць, відаць, ад частых наведнікаў - супрацоўнікаў Опэрнага тэатру, які месьціцца побач.

Крама генэральская. Знаходзіцца насупроць расейскае амбасады на Камуністычнай вуліцы (генэралы-камуністы-расейцы - нехта мудра ўсё аб'яднаў). Назва пайшла ад жыхароў дома - вайскоўцаў. Крама за савецкім часам хавала ад простых сьмяротных харчовыя дэфіцыты. А цяпер гэта выдатнае месца, дзе часам хаваюцца несанкцыяваныя пікетоўнікі.

Масоны. На пляцы Волі быў калісьці дом, у якім, па паданьнях, зьбіраліся масоны. Цяпер засталіся толькі разваліны, але ў народнай памяці захавалася назва гэтага месца.

Конса, Кансэрва. Назва кансэрваторыі - Беларускай акадэміі музыкі.

Сасіскі. Ля Консы ў чырвоным цагляным доме, дзе знаходзіцца кавярня "Пінгвін", была крама, куды студэнты вышэйзгаданае ўстановы хадзілі есьці вышэйзгаданую ежу. Зараз там прадаюцца торты й г. д.

Мастакі. Сквэр насупроць Консы, дзе мастакі гандлююць прадуктамі сваёй творчасьці. Знаўцы кажуць, што тут часам патрапляюцца неблагія творы.

Панэль. Месца побач з Мастакамі.

Дом Мусінскага. Дом на "Нямізе". Мусінскі - архітэктар гэтага дома.

Прастуда. Піўная "Прохлада" на Нямізе.

Пянькі. Былы дом культуры заводу "Луч", які вырабляе абутак. Знаходзіцца на Нямізе насупроць МакДональдсу. "Пянькі" слаўныя тым, што тут гралі біт, калі яго ня гралі амаль нідзе.

Шайба. Клюб "West World". Будынак перад гасьцёўняй "Беларусь" формаю нагадвае звычайную хакейную шайбу гіганцкіх памераў.

Павучыньне. Кавярня "Ромашка" на праспэкце Машэрава. Верагодна, назоў пайшоў ад складанага перапляценьня лесьвіцаў. Ёсьць і йншы варыянт паходжаньня: павучыньне раскладалі хлопцы для наіўных дзяўчат.

Юбілейка. Каля гасьцёўні "Юбілейная" тусуецца шмат замежнікаў. Тут працуюць "начныя бабачкі".

Гарбаты мосьцік. Мост за Траецкім прадмесьцем.

Старажоўка. Старажоўскага рынку ўжо даўна няма, а назва месца захавалася.

Бухенвальд. Сталоўка БПІ на Сурганава. Як кармілі, маўляў, так і называлася (існуе яшчэ адна вэрсія паходжаньня гэтага назову - заўв. рэд.).

Унівэр. Гэта неафіцыйная назва Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. Студэнты, якія вучацца на спэцыяльнасьці "прыкладная матэматыка", называюцца "прыматы", а радыёфізыкі - "рафікі". Раней філязофскі і эканамічны факультэты мелі адзін дах і адну назву - ФЭФ, якая расшыфроўвалася як "факультэт эратычных фантазіяў".

ПНУ. Расшыфроўвалася як "Піўная Насупроць Унівэрсытэту".

Гай. Адна зь філіяў унівэру знаходзіцца ў гаі (дарэчы, гэткі ж назоў мае і прыпынак электрычкі), што за кальцавой дарогай. Там вучацца радыёфізыкі, біёлягі, тамсама знаходзяцца й інтэрнаты. Калісьці тут плянаваўся паўнавартасны студэнцкі гарадок, але пляны покуль засталіся толькі на паперы.

Кубінка. Так называлася звычайная сталоўка на вуліцы Валадарскага, не даходзячы да Рускага тэатру. У 70-я гады ва ўнівэрсытэце зьявілася шмат кубінскіх студэнтаў. Відаць, кубінкі асядалі менавіта ў гэтай таннай сталоўцы.

Валадарка. Вязьніца на вуліцы Валадарскага, дзе калі-небудзь зьявяцца мэмарыяльныя дошкі знакамітых вязьняў.

Бранетанкавы, Танк, Пэдун. Беларускі дзяржаўны пэдагагічны ўнівэрсытэт імя М. Танка мае вельмі калярытную назву. На слэнгу абыгрываецца як слова "танк", так і прыналежнасьць да пэдагагічнае галіны. Студэнты БДзПУ завуцца "танкістамі".

Даляр. Такую назву мае дом №15 па вуліцы Кульман. Калі глядзець на яго зьверху, то можна заўважыць, што ён мае форму даляра. Лічыцца вельмі прэстыжным, да таго ж кватэры ў ім надта дарагія. Відаць, трэба шмат зялёных купюраў, каб набыць такую.

"На Розачкі". Так кажуць людзі, якія жывуць на вуліцы Розы Люксэмбург. Нагадаю, што гэтая дзяячка была адным з заснавальнікаў камуністычнай партыі Нямеччыны. Дарэчная назва для беларускае вуліцы!

Аэрапік, порт. Аэрапорт "Мінск-1".

Умань. Скарочаная назва вуліцы Ўманскай.

Тульпан, Рамонак. Назва выстаўнага павільёну БелЭКСПА на Машэрава, 14. Атрымаў такі назоў з-за арыгінальнай архітэктуры, якая нагадвае рамонак альбо тульпан пялёсткамі дадолу.

Берасьцейская крэпасьць, Бастылія. Даўгі чырвоны дом на вуліцы Танкавай (раней вуліцы М. Танка) нагадвае чырвоную цэглу фартэцыі-героя. А няроўны верх дома - разбураныя пабудовы крэпасьці. А Бастылія - таму што гэта таксама знакамітая крэпасьць.

Камса. Папросту Камсамольскае возера.

Аўтаз. Назва Менскага аўтамабільнага заводу, што ля Партызанскага праспэкту. Выпускае: грузавыя аўтамабілі, аўтасамазвалы, аўтамабілі-лесавозы й аўтапрычэпы. Моц!

Шарыкі. Раён ля шарыкападшыпнікавага заводу. Вырабляе шарыкі й падшыпнікі. Тусуюцца працоўныя й іхнае кіраўніцтва.

У народ. Каля будучае станцыі мэтро "Ангарская" калісьці на дамах быў надпіс "Народ и партия едины". Адзін з будынкаў меў краму, у якую хадзілі "Ў народ". На жаль (а, можа, наадварот, на шчасьце, навошта эўрапеізаваным беларусам такія лёзунгі), надпіс зьнялі.

Даліна маньякоў. У Пятроўшчыне, насупроць мэдінстытуту, ёсьць даліна, вядомая тым, што там здараліся выпадкі, як у фільмах жахаў. Даліна ёсьць месцам дзеяньня дзіцячых страшылак. Вядома, гэта найчасьцей чуткі й дзейкі, чымся рэаліі, але, відаць, гэтае месца моцна прыцягвае маньякоў. У іх там адбываюцца ўсесаюзныя зьлёты (навучаньне з практычнаю часткаю).

Ангара. Раён вуліцы Ангарскай.

Сухары. Раён Сухарава.

Курасы. Раён Курасоўшчына.

Жданы, Жданікі. Ждановічы.

Камары. Раён Камароўкі.

Ракасы. Праспэкт Ракасоўскага.

Карчы. Танцпляцоўка ў лесапарку паміж трактарным і аўтазаводам у парку 50-годзьдзя Кастрычніка.

Лужок. Гэта - не пра Лужкова, а пра раён Зялёны Луг.

Лазьня. Сярод студэнтаў Лінгвістычнага ўнівэрсытэту "хадзіць у лазьню" значыла зусім не хадзіць мыцца, а піць гарэлку ў бары ля лазьні на Мар'еўскай вуліцы (знаходзіцца недалёка ад вышэйзгаданае ВНУ). Кажуць, піва там было таннае, а гарэлку дазвалялася прыносіць з сабой.

Сасок. Піўбар "Аліварыя" на вуліцы Кісялёва. Сярод заядлых тусоўнікаў тут заўважаныя студэнты Лінгвістычнага, кансэрваторыі. Плюс розныя там яшчэ...

Чэйндж. Паходзіць, як вы, напэўна, здагадаліся, ад ангельскага change. Так завецца пункт прыёму шклатары на заводзе "Аліварыя". Прасьцей кажучы, тут можна пустыя пляшкі зьмяняць на поўныя.

Дзібілдзінг. У Лінгвістычным унівэрсытэце корпус Д (былы інтэрнат), што знаходзіцца за будынкам ВНУ, насупроць ТБМ. Вось такі D-building на беларускі манэр. Яшчэ адзін варыянт паходжаньня - deep knowledge building (пабудова глыбокіх ведаў), прычым deep knowledge скарацілася да "дзі"... Наколькі глыбокія веды ў насельнікаў дадзенага будынка, вырашайце самі, але з гумарам у іх усё ў парадку.

Фэля, Фэлікс, Пад Гадзіньнікам. Назвы піўбару, які зараз завецца "Узвышшам". Побач стаіць жалезная постаць Фэлікса Дзяржынскага. Наверсе дома, дзе месьціцца бар, можна бачыць гадзіньнік. Існуе павер'е: хто пачынае піць піва ў гэтым бары, мусіць ускласьці кветкі да злавеснага пастамэнту Фэлі.

Чэлюсьці. Так ахрышчаны парк Чалюскінцаў. Нагадаю, што чалюскінцы - удзельнікі савецкай палярнай экспэдыцыі 30-х гадоў мінулага стагодзьдзя. Параход "Чалюскін" быў скаваны крыгамі, але пацярпелых выратавалі. Гісторыя, безумоўна, гераічная. Але якое дачыненьне яна мае да менскага парку - загадка.

Сьцякляшка. У раёне кінатэатру "Перамога" ёсьць бар "Ілюзіён". Дык вось, побач было летняе памяшканьне пад назваю Сьцякляшка. Тут любіла зьбірацца апазыцыйна настроеная моладзь, інтэлігенцыя - дысыдэнты, так бы мовіць. Гэта, відаць, было адной з прычынаў таго, што памяшканьне зьнесьлі. Сьцякляшкамі таксама завуцца пітныя ўстановы ля стадыёну "Дынама". Там сядзяць зазвычай гандляры з кірмашу, а ўвечары трапляюцца і студэнты БДУ, што жывуць побач у інтэрнатах.

Сухарава. Зьмена націску ператварае назоў у нешта японскае. Празрысты намёк на тое, што раён знаходзіцца чорт ведама дзе. Хаця й некаторыя аб'екты ў цэнтры таксама "япанізуюцца": як вам падабаецца назва вуліцы Сурганава з націскам на перадапошнім складзе?

Капейка. Інтэрнат гістфаку БДУ на Сьвярдлова, 34.

Матуга. Неафіцыйны назоў Менскае авіятэхнічнае вучэльні (абрэвіятура па-расейску - МАТУ), што ў Чыжоўцы.

Пцічнік. Раён Курасоўшчына. Частка назвы - "кура" (птушка такая).

Асьліныя Вушы. На рагу вуліцаў Сурганава і Акадэмічнай стаяць два высокія аднолькавыя будынкі. Адзін зь іх належыць Акадэміі Навук, другі - факультэту міжнародных стасункаў БДУ. Цікава, хто гэта асацыюецца з жывёлінамі: навукоўцы ці элітарныя студэнты?

Пэнтагон. Так называецца штаб Беларускай вайсковай акругі, што месьціцца каля крамы "Пад шпілем".

Каракаціца. Яшчэ адна назва выстаўнага павільёну БелЭКСПА на пр. Машэрава,14. Відаць, надта ўжо ня ўпісваецца хвалістая архітэктура будыніны ва ўрбаністычны ляндшафт.

Партызаны. Жыхары Партызанскага праспэкту.

Маякоўка. Вуліца Маякоўскага. Хоць ён і рускі савецкі паэт, але адзначыўся бунтарскаю дзейнасьцю. Гнеўна пратэставаў. Патасна высьмейваў. Выкрываў антычалавечую прыроду капіталістычнага сьвету. І г.д...

Мнімск. Гэты варыянт назову сталіцы прыдумаў цікавы фотамастак Баразна, па сумяшчальніцтве прарэктар Акадэміі мастацтва. Абыгрываецца расейскае слова "мниться" - гораду, маўляў, няма.

Бамбук. Суперніцтва дзьвюх "мастацка-культурніцкіх" ВНУ - БАМу (Беларускай акадэміі мастацтва) і БУКу (Беларускага ўнівэрсытэту культуры, цяпер, да таго ж, яшчэ й дзяржаўнага) - пэрыядычна нараджае чуткі пра тое, што варта было б аб'яднаць іх пад адным дахам. Лёгіка назвы - элемэнтарная: БАМ+БУК="бамбук".

Нямецкі цэнтар. Цэнтар ІВВ на Паўднёвым Захадзе (быў бы на Поўдні - наагул назвалі б "Паўднёвым цэнтрам").

Сучасьнік. Музэй сучаснага і выяўленчага мастацтва.

Тры багатыры. Тры велічэзныя дамы на вуліцы Каліноўскага, 54 (карпусы, адпаведна, 1,2 і 3).

Скрыня. Палац мастацтваў. Таму што занадта квадратны.

Школка. Беларускі дзяржаўны пэдагагічны ўнівэрсытэт імя М.Танка ідзе на першым месцы па колькасьці нефармальных назваў. Відаць, назва гэтай ВНУ ёсьць крыніцаю для адмысловае творчасьці.

Труна. Палац Рэспублікі, што на Кастрычніцкай плошчы, асацыюецца ў народу паспалітага чамусьці зь нечым злавесным (нагадаю ўжо друкаваныя ў "СD" назовы - Саркафаг, Маўзалей). Усе тры назвы зьвязаныя зь ня надта прыемнымі для чалавека рэчамі. А сама плошча, як кажуць, - гэта своеасаблівая рэтраспэктыва гісторыі мастацтва: ёсьць Палац прафсаюзаў, збудаваны a la Парфэнон, ёсьць маленькая эгіпэцкая пірамідка - цэнтар-помнік пачатку ўсіх дарог. Ёсьць і Палац Рэспублікі, таксама ў эгіпэцкім стылі.

P.S. Аўтарка вельмі ўдзячная ўсім тым, хто дапамог у зборы матэрыялаў і не казаў, што заняты.

Напішыце водгук // Write your comment


© Сябры вэб-дружыны Pravapis.org і Ўладзімер Каткоўскі, 2001-2005. Усе правы захаваныя. Пры перадрукоўцы спасылка абавязковая.





 • Рэкамэндаваны web hosting (адкажу на вашы пытаньні);
 • Кнігарня oz.by (Беларусь) і скарбонка rodina.by (Беларусь);
 • Кнігі па-ангельску з amazon.com (ЗША), гл. нашу новую выбарку;
 • Таксама кнігі па-нямецку і па-ангельску з amazon.de (Нямеччына).