Наведайце Amazon.com і купляйце кнігі - грошы ідуць на аплату госьцінгу і разьвіцьцё гэтага сайту pravapis.org дахаты

English version

news / naviny
articles / artykuly
books / knihi
buy books / kuplaj knihi
dictionary / slounik
download
utilities / ultylity
links / spasylki
forum
about

Раім набыць:
Хобіт (па-беларуску)
Дж.Р.Р.Толкін

Папулярныя старонкі:
Новы правапіс-2005
Перакладчык з translit'у
Перакладчык у лацінку
Жывая мова online
L10n – лякалізацыя
Ґґ – новая літара
Менск у 1930 г.
Гасьцёўня
<br23> блоґ

Беларускія літары:

Ć ć   Ł ł   Ń ń   Ś ś   Ź ź
Č č   Š š   Ŭ ŭ   Ž ž  

вярнуцца да артыкулаў
раздрукаваць артыкул
English summary

Спадарожнік па Менску 1930 г. [Minsk Guide]

апрацаваў Уладзімер Каткоўскі

Old Minsk SymbolНядаўна ў Беларусі выйшаў мастацкі альбом з антыкварнымі фотаздымкамі "Мінск Незнаёмы 1920-1940 (Unfamiliar Minsk 1920-1940)". Апрача калекцыі рэдкіх, малавядомых фатаґрафій сталіцы аўтары ўключылі ў альбом тэкст рарытэтнага выданьня "Спадарожнік па Менску" 1930 году, арыґінал якога існуе ў адзінкавых экзэмплярах і дагэтуль не перавыдаваўся.

Тады, у 1930 годзе, нават камуністы пісалі па-беларуску клясычным правапісам. І, канечне, ў гэтым артыкуле я захоўваю правапіс арыґіналу. Заўважу, што дзеля таго, каб пазьбегнуць блытаніны паміж цытатамі і маімі камэнтарамі, вытрымкі з "Спадарожніка" даюцца іншым шрыфтом на шэрым тле. Асаблівасьці мовы "Спадарожніка "абмяркоўваюцца ў канцы артыкула. А зараз разгортваем першую старонку...

СПАДАРОЖНІК ПА МЕНСКУ
Выданьне Менгарсавету і рэдакцыі газ. "Рабочий"
1930 г.
АГУЛЬНЫЯ СПРАВАЧНЫЯ ВЕСТКІ

Першы разьдзел "Агульныя справачныя весткі" пачынаецца з адрэсаў міліцыі (самы першы!), гатэляў, лазьняў, лячэбніц, аптэк, судовых установаў, банкаў, і г.д. Вось што напісана пра гатэлі:

ГАСЬЦІНІЦЫ І ІНТЭРНАТЫ
1. Менская дзяржаўная гасьцініца (б. "Эўропа"), рог Ленінскай і Пляцу Волі, №1/9. Кошт нумару ў суткі ад 1 р. 75 кап. да 8 рублёў.
2. Першая савецкая гасьцініца, Комсомольская вул., №13/15. Кошт нумару ў суткі ад 1 да 5 руб.
3. Дом Селяніна, рог вул. К. Маркса і Чырвонаармейскай, №5/52.
4. Дом Асьветы, Комуністычная вул., №19
5. Інтэрнат для політэмігрантаў, Савецкая вул., №87
6. Заезны дом, Няміга, 20.

У разьдзеле "лазьні" апошнім пунктам чамусьці ідзе "Мэханічная пральня". А ў сьпісе лячэбніц пасьля 1-ай і 2-ой больніцы бачым "Лячэбніцу комітэту ўзаемадапамогі", "Трахоматозную лячэбніцу", "Фавозную лячэбніцу", а таксама "Радзільны прытулак" на Валадарскага.

Пасьля сьпісу банкаў (тры банкі і адна ашчадкаса) пададзеная інфармацыя пра менскі "Транспартны трэст":

ГАРАЖ І ПАРК: Даўгабродзкая.
КОНСКІ ПАРК: Дабратысьлінскі зав.
ЭКСПЭДЫЦЫЯ: Маскоўская, 1.

МЭТА І ЗАДАЧА ТРЭСТА
1. Абслугоўваньне гарадзкога насельніцтва гор. Менску трамвайнымі пасажырскімі зносінамі па маршрутах:
№1. ТАВАРНАЯ – САВЕЦКАЯ – КАМАРОЎКА.
№2. ПАСАЖЫРСКІ ВАГЗАЛ – ПЛЯЦ ВОЛІ – СТАРАЖОЎКА.
Пачатак трамвайнага руху а 5 гадзіне, канец а 1 гадзіне ночы.
2. Абслугоўваньне гарадзкога насельніцтва г. Менску аўтобуснымі зносінамі па лініі:
ПЛЯЦ ВОЛІ – КОЗЫРАВА.
Пачатак руху а 7 гадз., канец у 23 гадз.

Трэйцім пунктам ідзе пералік міжгародніх рэйсаў. Вось толькі некаторыя пункты (правапісам арыґіналу): Гарадок, Лагойск, Зембін, Бягомля, Сьмілавічы, Чэрвень, Бярэзіна, Узда, Капыль, Цімкавічы, Слуцак, Койданава, Кав.Лягеры, Чырвонае Урочышча. Раскладу няма, але ёсьць такая зацемка: "Адпраўка аўтобусаў кожны дзень па асобнаму на гэта раскладу."

4. Цяжаровыя аўтамабільныя перавозкі ў г. Менску розных цяжараў
5. Цяжаровыя гужавыя перавозкі ў г. Менску розных цяжараў
6. Пракат легкавых аўтамабіляў (таксі) як па г. Менску, так і па-за горадам кожны дзень. Стаянка машын ГОТЭЛЬ "ЭЎРОПА" і ПАС.ВАГЗАЛ.

Пасьля транспарту ідзе дэталёвае апісаньне жыльлёвага фонду Менску. Цікавай мне падалася адрэса базы:

САЮЗ ЖЫЛЬЛЁВАЙ КААПЭРАЦЫІ БЕЛАРУСІ "БЕЛЖЫЛСАЮЗ"
СКЛАД БЕЛЖЫЛСАЮЗУ: Энгельса, 2.
БАЗА БЕЛЖЫЛСАЮЗУ: Правіанцкая вул., насупроць сьвінарніка

Наступны разьдзел "Аптэкі" і дзейнасьць "Хэмфармазаводу". Даюцца адрэсы дзевяці аптэкаў і пяці крамаў "Санітарыі і гігіены". Расказваецца, што ж там можна было купіць. Аказваецца, нашы аптэкі былі такімі ж шматпрофільнымі як drugstores у Амэрыцы ці Заходняй Эўропе, і гандлявалі ня толькі лекамі:

Акрамя водпуску лякарстваў, аптэчныя прадпрыемствы прадаюць прадметы сангігіены, прадметы догляду за хворымі, гаспадарчыя прадметы, мінэральныя воды (нарзан, баржом, эсэнтукі), маскатэльныя тавары, касмэтычна-парфумэрныя прадметы (мыла, парфуму, адэкалён, пудру, крэмы для твару і г.д.), гумавыя прадметы (грэбні, расчоскі, цацкі, мячы).
У магазынах №№ 1, 4, 5 і ў Барысаўскіх магазынах прадаюцца фатаграфічныя прадметы і матар'ялы.

Цікава, што ў катэгорыю "гумовых" прадметаў патрапілі "грэбні, расчоскі, цацкі (!), мячы". Наступны разьдзел – помнікі.

1. ПОМНІК АХВЯРАМ КУРЛОЎСКАГА РАССТРЭЛУ 1905 г.
(Пляц 25 Кастрычніка, каля вагзалу)
На пляцу 25 Кастрычніка, перад памяшканьнем вагзалу, пастаўлены з чорнага мрамуру жалобны помнік у памяць курлоўскага расстрэлу 1905 г.

Потым ідзе вельмі дэталёвы расповед пра бастуючых чыгуначнікаў Лібава-Роменскай чыгункі, якія былі растраляныя. Паводле "Спадарожніка", на вагзале было забіта 80 і паранена 300 чалавек.

2. ПОМНІК КАРЛУ ЛІБКНЭХТУ
(У садзе імя Карла Лібкнэхта, каля Віленскага рынку)
Помнік Карлу Лібкнэхту – правадыру і заснавальніку групы "Спартак" у Нямеччыне, які загінуў разам з Розай Люксэмбург 15 студзеня 1919 году ад рукі нямецкіх катаў, пастаўлены рабочай моладздзю 5 верасьня 1926 г.

На трэйцім мейсцы помнік Карлу Марксу, разьмешчаны "супроць гарадзкога тэатру", які быў пастаўлены ў "памяць навялікшага тэорэтыка". Пасьля яго ідзе помнік Гіршу Лекерту і Яну Пуліхаву:

4. ПОМНІК ГІРШУ ЛЕКЕРТУ
(У малым садзе на Пляцу Волі)
1 мая 1902 г. у гор. Вільны адбывалася масавая дэмонстрацыя. Дэмонстрантаў арыштавалі, і Віленскі губэрнатар фон-Валь загадаў біць дэмонстрантаў розкамі. Гэты ўчынак фон-Валя раззлаваў рэволюцыйных рабочых і кожны з іх жадаў адпомсьціць яму. Гірш Лекерт, шавец па профэсіі, страляў у губэрнатара і параніў яго. За гэта Лекерта прысудзілі да пакараньня сьмерцьцю. 10 ліпеня 1902 г. яго павесілі. Працоўныя Беларусі, шануючы памяць рэволюцыянэра Лекерта, паставілі гэты помнік у 1922 годзе на месцы былога помніку аднаму з расійскіх цароў.

5. ПОМНІК Я. ПУЛІХАВУ
(На Старажоўскіх могілках)
Пасьля расстрэлу Курловым мірнай дэмонстрацыі 18 кастрычніка 1905 г. П.С.Р. пастанавіла забіць Курлова. Выкананьне гэтага абавязку ўзяў на сябе член партыі, студэнт Ян Пуліхаў. 14 студзеня 1906 г. Я. Пуліхаў кінуў у Курлова бомбу, але бомба не разарвалася. Бомба, як выявілася пасьля, была дастаўлена провокатарам... У ноч на 25 лютага 1906 г. Пуліхаў быў павешаны на варотах Менскай турмы.

Наступным разьдзелам ідуць музэі. У Беларускі дзяржаўны культурна-гістарычны музэй уваходныя квіткі каштавалі ал 5 да 20 капеек:

АРГАНІЗАВАНЫЯ ЭКСКУРСІІ
праходзяць дарма па папярэдняму запісу ў канцэлярыі музэю.

АСОБНЫЯ НАВЕДВАЛЬНІКІ ПЛОЦЯЦЬ:
1. Вучні і чырвонаармейцы па 5 кап.
2. Сябры прафсаюзаў па 10 кап.
3. Іншыя па 20 кап.

Пасьля гэтага ідуць апісаньні разьдзелаў музэю. Вось некаторыя зь іх:

МУЗЭЙ МАЕ АДДЗЕЛЫ:
...
3. ГІСТОРЫІ.
А. а) рыцарства (зброя, здымкі беларускіх замкаў), б) шляхецтва эпохі разьвіцьця прыгоннага права (тыпы, агнястрэльная зброя па малюнках і слуцкія паясы), в) шляхецтва часу разьвіцьця прамысловага капіталізму (тыпы, мэбля, парцаляна), г) грошы беларускія і тыя, якія хадзілі на тэрыторыі Беларусі, д) мэдалі беларускія, расейскія, зах.-эўрапейскія. Б. а) горад цэхавы (цэхавыя вырабы, цэхавыя сьцягі, абраднасьць цэхавая), б) Менск – губэрнатарская – архірэйскі, в) Менск, чырвоная сталіца БССР, г) рэволюцыйныя падзеі на Беларусі.
4. АНТЫРЭЛІГІЙНЫ АДДЗЕЛ
...
7. ЯЎРЭЙСКІ АДДЗЕЛ
А. а) зьяўленьне яўрэяў на Беларусі, б) яўрэйская беларусізацыя і яе змычка з буржуазіяй пануючай нацыі і ўрадам, в) сынагога і яе роля ў эксплюёатацыі яўрэйскай беднаты, г) яўрэй-гандляр і яўрэй-рамесьнік, д) яўрэйская бедната. Б. а) яўрэйства ў БССР пасьля Кастрычнікавай рэволюцыі.

Спрабую ўявіць, якія экспанаты выстаўляліся ў антырэлігійным і яўрэйскім "аддзелах"... Усьміхаюся і гартаю "Спадарожнік", далей ідзе разьдзел "Сады і бульвары":

1. САД "ПРОФІНТЭРН"
Знаходзіцца ў цэнтры гораду і займае плошчу каля 14 га. Расплянаваны сад да рэволюцыі. Дрэвы самыя рознастойныя – таполі, ліпа, асіна, граб, клён, вяз, сасна (хвоя), вярба і інш.
Усходняя частка саду зьмяшчае спортыўныя пляцоўкі, вэлёсыпэдную пляцоўку, тыр дзеля малакалібэрных вінтовак, а таксама абсталяваны палявы тыр. У гэтым годзе абсталяваны летні тэатр, пабудавана сталоўка, якая ўзімку прыстасавана да організацыі лыжнае станцыі, вялікая адкрытая эстрада і асобны будынак-чытальня.
На плошчы спортыўных пляцовак узімку ўтвараецца каток, разьлічаны на 800-1000 чалавек.

Далей ідуць апісаньні яшчэ дванаццаці садоў: "Вялікі Сад" (паміж вуліцамі Савецкай і К.Маркса), "Малы Сад" (на пляцу Волі), "Новы Сад" (на вул. Унівэрсытэцкай), "Сад імя Карла Лібкнэхта" (ля Віленскага базару), "Старажоўскі сад" (на рагу Старажоўскае і Старавіленскае), "Летні сад Саюзу працасьветы", "Летні сад саматужнікаў", "Летні сад харчавікоў", "Летні сад гутнікаў" ды інш. Пасьля гэтага разьдзелу ідзе ці не самы цікавы – сьпіс старых назоваў вуліц, якія перайменавалі бальшавікі.

ПЕРАІМЕНАВАНЫЯ НАЗВЫ ВУЛІЦ
СТАРЫЯ НАЗВЫ НОВЫЯ НАЗВЫ
Александраўская   –   Комунальная
Архірэйскі завулак   –   Луначарскага завулак
Архірэйскае ўрочышча   –   Піліхава ўрочышча
Афіцэрская   –   Каменеўская
Багадзельная   –   Комсомольская
Белацаркоўная   –   Чырвонаштандартная
Брацкі завулак   –   Таварыскі завулак
Васілеўскі завулак   –   Земляробскі завулак
Васкрэсенская   –   Вызваленьня
Вясёлая   –   Першамайская
Георгіеўская   –   Чычэрынская
Губэрнатарская   –   Ленінская
Дабрамысьленскі завулак   –   Земляробскі завулак
Дзяменцеўская   –   Дзяржынскага
Есіфская   –   Разінская
Жандарская   –   Пуцейская
Залатагорская   –   Чырвоназьвёздная
Захараўская   –   Савецкая
Захараўскі завулак   –   Урыцкага
Ільінская   –   Ульляўнаўская
Казакоўская   –   Пугачоўская
Каломенская   –   Сьвярдлоўская
Кандутарская   –   Чыгуначная
Крашчэнская   –   Кастрычнікаўская
Койданаўская   –   Рэвалюцыйная
Ляхаўка верхняя   –   Беларуская
Ляхаўка ніжняя   –   Лекерта
Ляхаўская слабада   –   Беларуская слабада
Магазынная   –   Унівэрсытэцкая
Манастырская   –   Бакунінская
Мала-манастырскі завулак   –   Герцанскі завулак
Мала-георгіеўская   –   Талстога Льва
Мацьвееўская   –   Люксэмбург
Мікалаеўская   –   Крапоткіна
Міхайлаўская   –   Мопраўская
Нова-раманаўская   –   Рэспубліканская
Нямецкая   –   Лібкнэхта
Паліцэйска-узьбярэжная   –   Пролетарска-узьбярэжная
Паліцэйскі завулак   –   Пролетарскі завулак
Падгорная   –   Маркса
Петрапаўлаўская   –   Энгельса
Петраградзкая   –   Ленінградзкая
Петраградзкі завулак   –   Ленінградзкі завулак
Прэабражэнская   –   Інтэрнацыянальная
Рыбны базар   –   Біржавы завулак
Скобелеўская   –   Чырвонаармейская
Сямёнаўская   –   Партызанская
Сярпухоўская   –   Валадарскага
Трубны завулак   –   Берсана
Узьбярэжная   –   Камунальна-узьбярэжная
Юраўская   –   Комуністычная

ПЛЯЦЫ
Саборны   –   Волі
Троіцкі   –   Парыскай комуны
Юбілейны   –   25 Кастрычніка

Гэты сьпіс зьняважаных назваў вуліц – апошні разьдзел першай часткі. Другая частка называецца "Установы і організацыі" і ўтрымлівае інфармацыю пра ўсялякія бальшавіцкія структуры: цэнтральны і ня толькі камітэты, камісарыяты, народныя саветы і пад. Напэўна, самае цікавае, што ў "Спадарожніку" надрукаваныя тэлефоны (у тым ліку прыватныя) беларускіх камуністых V.I.P-шышак. Нумары тэлефонаў былі досыць кароткія і лёгказапамінальныя: яны мелі ад... адной да... чатырох лічбаў. Тэлефон нумар "1" (адзін) стаяў у "габінэце" старшыні ЦВК БССР, у будынку на пляцу Волі. А ягоны хатні тэлефон – "90" (дзевяноста). Усяго ў гэтым разьдзеле надрукавана больш за сто тэлефонных нумароў усялякіх бальшавіцкіх арганізацый: ЦВК Беларусі, Прыёмная ЦВК БССР, Савет Народных Комісараў, Нарком Асьветы Беларусі, Нарком Працы, Нарком Юстыцыі, Вышэйшы Савет Народнае Гаспадаркі ды інш. Вось некалькі тузінаў тэлефонаў адтуль:

ЦЭНТРАЛЬНЫ ВЫКАНАЎЧЫ КАМІТЭТ БЕЛАРУСІ
...
38. Габінэт сэкратара
...
9-28. Протокольная частка, юрысконсультац., стэнографісткі.
11-49. Комэндант ЦВК, бухгальтэрыя.
...
1-83. Інформацыйна-вучотна-статыстычная частка організацыйнага аддзелу.
...
8-56. Цэнтральная камісія па палепшаньні быту і працы жанчын.
12-11. Нацыянальная комісія ЦВК БССР.
12-26. Белкомзет (комісія па земляўпарадкаваньню працоўных яўрэяў).
8-55. Комісія прыватных амністый.
...
3-82. Дзяржуны міліцыянэр ЦВК, комэндант будынку ЦВК
10-20. Вышэйшы савет фізкультуры, намесьнік старшыні і адказны сэкратар
...
17-24. Кватэра шофэра ЦВК БССР

САВЕТ НАРОДНЫХ КОМІСАРАЎ
...
16-40. Дзяжурны міліцыянэр.
12-63. Заля паседжаньняў.
16-72. Комітэт хэмізацыі.
...

НАРОДНЫ КОМІСАРЫЯТ АСЬВЕТЫ БЕЛАРУСІ
...
11-47. Мэтадком.
8-93. Галоўмастацтва.
8-93. Галоўнавука.
1-35. Рэдакцыя часопісу "Ком. Выхаваньне".
1-35. Інспэктар соцвыху.
14-12. Інспэктар політасьветы.
...
4-43. Націнспэктура.
4-43. Інспэктар профасьветы.
3-09. Габінэт наркома.
8-41. Намесьнік наркома.
11-47. Сэкратар колегіі Наркомасьветы.
...

ВЫШЭЙШЫ САВЕТ НАРОДНАЕ ГАСПАДАРКІ
...
5-11. Горны аддзел – т. Розін.
5-11. Сэктар кон'юнктуры і статыстыкі – т. Шульман.
5-11. "Птэк" – плянавае тэх.-эконом.-кіраўніцтва т. Пагосткі, Русановіч.
16-02. Сэктар мясцовай прамысловасьці – т. Брыкман.
...
1-22. Вучразмерк. – т. Скараход.
80. Сэкратар прэзыдыуму – т. Дубровенская.

АБ'ЯДНАНЬНІ ВСНГБ
16-00. Стройаб'яднаньне – дырэктар т. Васэрман.
1-20. Харчаб'яднаньне – дырэктар т. Раксін.
6-31. Папераб'яднаньне – дырэктар т. Кофман.
11-56. Торпаб'яднаньне – дырэктар т. Вольняк (час.вык.абавяз.).
10-21. Мэталяаб'яднаньне – дырэктар т. Фіш.
6-21. Скураб'яднаньне – дырэктар т. Штэйнэр.
7-73. Хэмааб'яднаньне – дырэктар т. Ківель.
24. Ільняно-пяньковае аб'яднаньне – дырэктар т. Лучышын.
10-16. Кіно-фото-аб'яднаньне – дырэктар т. Мілоўскі.
...

Пасьля тэлефоннага даведніка "Наркомат Соцыяльнага Забесьпячэньня" расказвае пра сваю дзейнасьць. Вось некаторыя пункты:

Забесьпячэньне сямей асоб, прызваных у шэрагі Чырвонай арміі і тэрзбор.
Забесьпячэньне інвалідаў былых чырвоных партызан.
Забесьпячэньне інвалідаў чырвонагвардзейцаў.
Забесьпячэньне інвалідаў імпэрыялістычнай вайны.
Забесьпячэньне ўсяе беднаты, якая ня мае сродкаў існаваньня.
Кіраўніцтва і нагляд за працай коопэрацыі інвалідаў.
Зьмяшчэньне састарэлага элемэнту ў дамы інвалідаў.
Протэзаваньне.

Наступным разьдзелам ідзе "Менскі Гарадзкі Савет", у якім пералічваюцца сотні усялякіх камітэтаў, членаў, бюракратычных пасадаў з прозьвішчамі людзей, якія іх займаюць. Самымі цікавымі мне падаліся зацемкі ў канцы разьдзела:

Усяго ў лік членаў менскага гарадзкога савету абрана 666 чалавек.
...
Майстэрні і прадпрыемствы Акрана таксама пераходзяць у Гарсавет (беларускі дзіцячы дом, яўрэйскі дзіцячы дом, польскі дзіцячы дом, піонэр-камуна. Майстэрні Акрана рэорганізуюцца ў фабзавучы, якія таксама будуць знаходзіцца пад кіраўніцтвам Менгарсавету).
...

І толькі пасьля ўсіх гэных наркомаў і саветаў ідзе інфармацыя пра "Цэнтральны Комітэт Комуністычнае Партыі (бальшавікоў) Беларусі", які разьмяшчаўся на вуліцы Карла Маркса, 14. Гэта апошняя частка другога разьдзелу. Трэйці разьдзел мае назву "Культурна-асьветныя ўстановы". Гэта разьдзел пачынаецца са сьпісу і кароткіх апісаньняў чатырох "вышэйшых навучальных установаў": Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт, Рабочы факультэт Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту (чамусьці асобным пунктам), Комуністычны ўнівэрсытэт імя Леніна і Політэхнічны інстытут. Пасьля вышэйшых навучальных установаў ідзе сьпіс тэхнікумаў і школаў. Я быў вельмі зьдзіўлены, чытаючы дадзеныя па школах:

ТЭХНІКУМЫ
Менскі дзярж. белпэдтэхн. імя Ігнатоўскага – Савецкая, 107.
Менскі яўрэйскі пэдтэхнікум – Няміга-Ракаўская, 9.
Менскі польпэдтэхнікум – Савецкая, 144.
Дзяржполітэхнікум – Карла Маркса, 37.
Вячэрні раб. тэхнікум – Карла Маркса, 37.
Музычны тэхнікум – Унівэрсытэцкая, 45.
Фізкультурны тэхнікум – Савецкая, 144.
Менскі дашкольны тэхнікум – Савецкая, 144.
Менскія 2-гадовыя пэд.курсы – Камсамольская, 23.

ШКОЛЫ ГОРАДУ МЕНСКУ
Школа №1 – Інтэрнацыянальная, 31 – беларуская
Школа №2 – Ленінская, 21 – беларуская
Школа №3 – Міхайлаўская, 4 – беларуская
Школа №4 – Савецкая, 95 – расійская
Школа №5 – Ленінская, 21 – расійская
Школа №6 – Доўгаброцкая, 21 – польская
Школа №7 – Комсамольская, 40 – яўрэйская
Школа №8 – Энгельса, 8 – яўрэйская
Школа №9 – Міхайлаўская, 4 – расійская
Школа №10 – Герцэна, 4 – яўрэйская
Школа №11 – пры Белпэдтэхн., Комсам., 23 – беларуская
Школа №12 – пры БДУ, Земляробчы зав. – беларуская
Школа №13 – Комунальная, 32 – беларуская
Школа №14 – Кошпітальная, 31/5 – беларуская
Школа №15 – Команульная, 31 – беларуская
Школа №16 – Унівэрсытэцкая, 40 (4-годка) – беларуская
Школа №17 – Рэвалюцыйная, 22 – яўрэйская
Школа №18 – Інтэрнацыональная, 31 – яўрэйская
Школа №19 – Лагойскія тракт, 28 – беларуская
Школа №20 – Лекерта, 5 – беларуская
Школа №22 – Падгорны зав., 8 – беларуская
Школа №23 – Савецкая, 126 – беларуская
Школа №24 – Энгельса, 33 (4-годка) – беларуская
Школа №26 – Вул. Вызваленьня, 8 – беларуская
Школа №27 – пры яўпэдтэхн., Савецкая, 44 – яўрэйская
Школа №28 – Комунальная, 31 – яўрэйская
Школа №29 – Паўночна-Заходняя, 10 – беларуская
Школа №30 – Рэволюцыйная, 28 – яўрэйская
Школа №31 – пры БДУ, Земляробчы зав. – беларуская
Школа №32 – Загародная, 1/4 – беларуская
Школа №33 – Міхайлаўская, 4 – польская
Школа №34 – Шырокая, 49 – беларуская
Школа №35 – Стара-Мяшчанская, 15 (4-годка) – белар.

Наступным пунктам пералічаныя "прыгарадныя чатырохгодкі", школы №36-№48, якія разьмяшчаліся ў тагачасным прыгарадзе Менску: у вёсках Сьляпянка, Маляўка, Нядзьвежына, Кальварыя, Кальварышкі. Пра мову выкладаньня ў гэтых прыгарадных школах нічога не паведамляецца. Але дадзеныя па Менску, бяз уліку прыгарадных школ, мы падлічыць можам:

Мова менскіх школаў Колькасьць Адсотак
Беларуская мова 20 61%
Ідыш / іўрыт 8 24%
Расейская мова 3 9%
Польская мова 2 6%

Лічбы сьведчаць самі за сябе. У 1930 годзе ў Менску, больш як 60% школаў былі зь беларускай мовай выкладаньня, а амаль чвэрць школаў былі габрэйскімі. Расейскіх школы было толькі тры, а польскіх – дзьве.

Наступны разьдзел называецца "Навукова-дасьледчыя ўстановы". Першым пунктам ідзе "Беларуская Акадэмія Навук". Даецца вельмі дэталёвае апісаньне гісторыі стварэньня, дзейнасьці, дасягненьняў і г.д. Вось некаторыя вытрымкі з тэксту, якія падаліся мне цікавымі за астатнія:

...
Адным з буйных мерапрыемстваў інстытуту беларускай культуры, праведзеных у гэтыя гады было скліканьне акадэмічнай конфэрэнцыі па рэформе беларускага правапісу і азбукі. У конфэрэнцыі прымалі ўдзел 69 дэлегатаў. Былі прадстаўнікі замежнага навуковага сьвету. Конфэрэнцыя прапрацавала шэраг галоўнейшых пытаньняў беларускага правапісу, заслухала даклады па гісторыі беларускай літаратуры.
...
У сучасны момант Беларуская акадэмія навук (Менск, рог Ленінскай і Унівэрсытэцкай) падзяляецца на два аддзелы: аддзел гуманітарных навук і аддзел прыроды і народнай гаспадаркі.

У аддзел гуманітарных навук уваходзяць: інстытут лінгвістыкі, катэдра жывой беларускай мовы, інстытут навуковай мовы, катэдра гісторыі беларускай мовы, комісія для ўскладаньня гістарычнага слоўніку, інстытут літаратуры – катэдра гісторыі беларускай літаратуры, комісія па выданьню твораў беларускай літаратуры, інстытут гісторычных навук, з катэдрамі: усеагульнай гісторыі, гісторыі Беларусі, гісторыі беларускага права, сучаснага беларускага права, архэолёгіі, этнографіі, марксызму і ленінізму, гісторыі Літвы, комісіяй па вывучэньню латышоў.

У аддзел прыроды і гаспадаркі Беларускай акадэміі навук уваходзяць: геолёгічны інстытут, катэдра глебазнаўства, катэдра ботанікі, зоолёгіі, антрополёгіі, географіі, інстытут хэміі, інстытут экономікі, комісія па вывучэньню рамесьніцтваў, катэдра коопэрацыі і колектывізацыі.

Яўрэйскі сэктар акадэміі складаецца з комісій: гісторычнай, лінгвістычнай і літаратурнай і комісіі па этнографіі і фольклёру. Апрача яўрэйскага сэктару, ёсьць польскі сэктар

Цікава заўважыць, што гісторыя падзеленыя на тры разьдзелы: гісторыя Беларусі, гісторыя Літвы і сусьветная гісторыя. Таксама вельмі ўражвае тое, што існуе асобны габрэйскі сэктар акадэміі. Наагул, уся інфармацыя пра тагчасную дзейнасьць БАН досыць цікавая, вось яшчэ адна вытрымка – склад акадэміі. Шмат знаёмых твараў! У сьпісе нават Тарашкевіч, які быў растраляны бальшавікамі:

У склад акадэміі ўваходзяць: У. М. Ігнатоўскі – прэзыдэнт акадэміі, М. І. Бялуга – віцэ-прэзыдэнт, Я. Колас – віцэ-прэзідэнт акадэміі, І. А. Пятровіч – неадменны сэкратар акадэміі, С. М. Некрашэвіч, Я. Ю. Лёсік, З. Т. Жылуновіч, І. І. Замоцін, У. І. Пічэта, С. Я. Вольфсон, М. Я. Грэдынгэр, С. Ю. Матулайціс, В. Я. Ластоўскі, Г. І. Гарэцкі, Я. Купала, У. В. Шкатэлаў, Я. М. Афанасьеў (Горкі), А. Д. Дубах , С. М. Вышалеўскі, М. Т. Бліодуха, Б. Тарашкевіч, А. П. Карпінскі (Ленінград), М. Я. Мар (Ленінград). Апрача таго, акадэмія мае шэраг членаў-корэспондэнтаў.
...
У гэтым годзе на Камароўцы распачалася пабудова новых будынкаў для беларускай акадэміі навук. Пабудова будынкаў будзе каштаваць звыш 2 з паловай мільёнаў руб.

Потым ідуць апісаньні іншых дасьледчых інстытутаў. Пад нумарам два ідзе "Беларусі дзяржаўны навукова-дасьледчы інстытут сельскай і лясной гаспадаркі імя Ў.І.Леніна". Пасьля яго ідуць "Цэнтральная расьлінаводная дасьледчая станцыя", "Цэнтральная дасьледчая станцыя аховы расьлін", але найбольш цікавым падаецца нумар пяты:

5. ЦЭНТРАЛЬНАЯ БАЛОТНАЯ СТАНЦЫЯ
(Праўленьне станцыі – Шырокая вул., №28)
Гэта станцыя навукова-дасьледчага інстытуту сельскай і лясной гаспадаркі мае на мэце ўсебаковае вывучэньне балот Беларусі і спосабаў іх скарыстаньня. Сваю працу станцыя праводзіць на Камароўскім балоце, 4 клм. на поўнач ад Менску. Гэта балота зьяўляецца надзвычайна цікавым.

Шостым нумарам ідзе "Цэнтральная агро-хэмічная лябораторыя", а пасьля яе:

7. КОНТРОЛЬНА-НАСЕННАВОДНАЯ СТАНЦЫЯ
(Савецкая вул., №71, пакоі 31 і 32)
Гэта станцыя Народнага комісарыяту земляробства зьяўляецца практычнай і навукова-дасьледчай установай па вызначэньні якасьці насеньня. Экскурсант можа бачыць процэс вызначэньня якасьці насеньня, усходжасьці, хваравітасьці і г.д. Глебавае вывучэньне якасьці насеньня выконваецца на расьлінаводнай станцыі гаспадаркі: Пярэспа, па Стара-Барысаўскім шляху, 2 кл. ад Менску.

Далей ідуць (арыґінальная артаґрафія): Інстытут фізыатрыі і ортапэдыі, Беларускі дзяржаўны інстытут соцыяльнай гігіены, Дзяржаўны інстытут аховы працы, Беларускі дзяржаўны сухотны інстытут, Сухотны дыспансэр, Хэмічна-тэхнічная лябораторыя, Керамічная лябораторыя, Палата мер і вагі, Беларускі дзяржаўны навукова-дасьледчы пэдолёгічна-пэдогагічны інстытут, Беларускі дзяржаўны інстытут прамысловасьці, Бактэрыолёгічны пастэраўскі інстытут, Одонтолёгічны інстытут, Менскае акруговае таварыства краязнаўства. Яшчэ адзін прыклад:

18. БАКТЭРЫОЛЁГІЧНЫ ПАСТЭРАЎСКІ ІНСТЫТУТ
(Нова-Маскоўская вул., №60, тэл. 2-04)
Апрача сваіх лячэбных і профіляктычных функцый, бактэрыолёгічны пастэраўскі інстытут выконвае значную працу ў справе вывучэньня географічнага пашырэньня выпадкаў шалёнства на Беларусі і ўсіх зьвязаных з гэтым пытаньняў.

Наступны разьдзел мае назву "Музэі, габінэты, выстаўкі". Пачынаецца ён з падрабязнага апісаньня "Беларускага дзяржаўнага музэю", ягонай гісторыі, ягоных разьдзелаў і экспанатаў. Вось невялічкая вытрымка:

Ёсьць працы Рэпіна, Серава, Макоўскага, Свэнвэльда (Голандыя XVIII в.), Шэфэра (Нямеччына, XX в.), Росі (Італія XIX в.) і інш. ды Грубэ, Воўкава, Эндэ, Філіповіча, Кудрэвіча і інш. Яўрэйскі аддзел вельмі багата паказвае матар'яльную беларускіх яўэрэяў і творы сучасных яўрэйскіх мастакоў ды яўрэйскае ўжытковае мастацтва. Для агляду музэй адчынены 5, 10, 15, 20, 25, 30 кожнага месяца ад 5 – 9 гадз. увечары, а ў іншыя дні – ад 12½ – 4 гадз. Загадзя запісаўшыся, экскурсіі праходзяць дарма; чырвонаармейцы і вучні плоцяць па 5 кап.; сябры профсаюзаў – 10 кап. і інш. – 20 кап.

Другім мейсцам ідзе "Музэй Рэволюцыі", а пасьля яго вялікі артыкул пра домік 1-га зьезду РСДРП з аповедам пра Румянцава і маладых габрэяў ды расейцаў, што зладзілі ў ягоным доміку невялікі кансьпіратыўны зьезд. Прыводжу толькі пачатак:

Гэта вуліца называлася тады, у гонар аднаго з губэрнатараў, Захараўскай. На Камароўцы, пасьля масточку цераз Сьвіслач, рассыпаліся тут маленькія дзеравяныя домікі, агароджаныя дзеравянымі платамі. А далей, там, дзе цяпер вырасьлі павільёны выстаўкі і высяцца корпусы клінічнага гарадку, пачыналася тонкае, вязкае камароўскае балота. Тут, на Камароўцы, жыў у тыя гады контролёр Лібава-Роменскай чыгункі Пётра Базылёў Румянцаў...

У гэтым жа разьдзеле далей ідуць апісаньні наступных музэяў (артаґрафія захоўваецца): Зоолёгічны музэй, Дом санітарнай асьветы, Цэнтральны дом селяніна, Цэнтральны дом комуністычнае асьветы імя К.Маркса, Дом Чырвонай арміі. Вашай увазе вытрымка з апісаньня дому "комуністычнай асьветы:"

...Апрача таго, у доме існуе антырэлігійны выставачны куток. У фойэ ёсьць найвялікшая ў БССР скульптура Ў.І.Леніна, работы Грубэ. Экскурсіі – па ўмове з адміністрацыяй дому.

Пасьля музэяў ідзе разьдзел "Клюбы". Паводле "Спадарожніка" ў Менску ў 1930 было сем клюбаў. Назвы досыць арыґінальныя. Вось толькі тры: "Цэнтральны польскі клюб імя Розы Люксэмбург", "Цэнтральны яўрэйскі клюб імя Ў.І.Леніна", "Клюб саўгандальслужачых". Пасьля клюбных старонак ідзе разьдзел "Бібліотэкі". На першае мейсца, натуральна, патрапіла "Беларуская дзяржаўная бібліотэка". Вытрымка за апісаньня:

Бібліотэка адчынена ў 1921 годзе. Цяпер налічвае 450 тысяч тамоў, якія ахапляюць усе віды бібліотэчнае і бібліографічнае працы.
...
Набыта кніжніца какдэміка Карскага, профэсара Янчука па беларусазнаўству, этнографіі і літаратуры, а таксама бібліотэка Ісаева, Барысава, Грота, Гольдштэйна.
...
Яўрэйскі і польскі [аддзелы] абслугоўваюць на нацыянальных мовах культурныя запатрабаваньні па пытаньнях нацменшасьцяй БССР.

Наступным разьдзелам ідзе тэатар і кіно. Тэатар названы толькі адзін: "Гарадзкі тэатр (рог вул. Энгельса і Карла Маркса)". А кінатэатраў аж пяць, але выглядае, што чатыры зь іх паказвалі толькі нямое кіно:

1. Гукавае кіно, "Чырвоная Зорка", Савецкая вул.
2. Кіно-тэатр "Культура", вул. Валадарскага, №7.
3. Кіно-тэатр "Спартак", рог Савецкай и Комсомольскойю
4. Кіно-тэатр "Пролетары", Савецкая вул., №83
5. Кіно-тэатр "Інтэрнацыянал", Савецкая вул., №83

Наступны разьдзел – друк, у якім даюцца адрэсы выдавецтваў, рэдакцый ґазэтаў і часопісаў. Каб чытач змог сам ацаніць, якую прэсу чыталі менчукі ў 1930 годзе, прыводжу сьпіс газэт і часопісаў цалкам:

Ґазэты Часопісы
"Зьвязда"
"Рабочий"
"Савецкая Беларусь"
"Orka"
"Піонэр Беларусі"
"Раўдонасіс артояс"
"Юнгэр арбэтэр"
"Юнгэр ленінец"
"Іскры Ільліча"
"Чырвоная Зьмена"
"Акцябр"
"Беларуская вёска"
"Беларускі батрак"
"Беларускі гандлёвы бюлэтэнь"
"Паляўнічы Беларусі"
"Беларуская работніца і сялянка"
"Соцыялістычнае будаўніцтва"
"Чырвоная Беларусь"
"Полымя"
"Маладняк"
"Узвышша"
"Бальшавік Беларусі"
"Комуністычнае выхаваньне"

Пасьля гэтага пачынаецца новы разьдзел "Сувязь і Транспарт", першы падразьдзел мае назву "Пошта, тэлеграф, тэлефон, радыё". Я думаю, у век супэр хуткіх кампутараў, сусьветнай камунікацыі і ўсюдуіснай мабільнай сувязі з асаблівай цікавасьцю чытаецца тэкст пра дасягненьні радыё сувязі ў Беларусі. Вось інфармацыя пра асноўную "радыё-вяшчальную станцыю імя СНК БССР":

Станцыя пабудавана ў 1922 годзе магутнасьцю 1,2 квт. У 1927 годзе перабудавана з павялічэньнем магутнасьці да 4 квт. Станцыя працуе на хвалі 700 мэтраў па радыусу 3000 кілёмэтраў.
...
У 1927-28 годзе было 2626 радыёўстановак: дзяржаўных – 716, самаробных – 1918, гучнагавораччых – 475.

Далей ідзе доўгае апісаньне працы паштамта з шматлікімі лічбамі адпраўленых і прысланых лістоў, пасылак, бандэроляў; колькасьці тэлеграм, тэлефонных размоваў і г.д. Даюцца адрэсы мясцовых аддзяленьняў пошты (дзевяць на ўвесь Менск). Для мяне сталася нечаканасьцю, што ў Менску на той час ужо было тры таксафоны:

4. ТЭЛЕФОННЫЯ АЎТОМАТЫ
Аўтомат у паштова-тэлеграфнай конторы – Ленінская, 34.
Пасажырскі вогзал МББ ж.д. (заля 1-й клясы)
Аўтомат пры паштовым аддзяленьні на вогзале МББ ж.д.

Паводле "Спадарожніка" зь вялікімі гарадамі тэлефонная сувязь працавала на працягу 24 гадзін, а зь некаторымі толькі ўдзень. Напрыклад, у Негарэлае і Койданава можна было званіць толькі з 9 да 24 гадзін, а ў Ратамку і Смалявічы з 9 да 15. Наагул, тэлефонныя перамовы каштавалі вельмі-вельмі дорага. Хвіліна размовы з іншай краінай магла каштаваць болей, чым цэлая ноч у гатэлі. Вось вытрымка для некаторых гарадоў:

Менск - Харкаў. Перамовы кругл. суткі. Звыч. перамовы - 1 хв. - 1 р. 50 кап., тэрміновыя - 1 хв. - 5 р.
Менск - Кіеў. Перамовы кругл. суткі. звыч - 1 хв. - 1 р. 25 кап., тэрмін. - 1 хв. - 5 руб. 80 кап.
Менск - Адэса. Перамовы кругл. суткі. звыч - 1 хв. - 2 руб., тэрмін. - 1 хв. - 6 руб. 10 кап.
Менск - Ленінград. Перамовы кругл. суткі. звыч - 1 хв. - 1 р. 65 кап., тэрмін. - 1 хв. - 5 руб.
Менск - Варшава. Перамовы кругл. суткі. звыч - 1 хв. - 68 кап., тэрмін. - 1 хв. - 2 руб. 04 кап.
Менск - Беласток. Перамовы кругл. суткі. звыч - 1 хв. - 56 кап., тэрмін. - 1 хв. - 1 руб. 68 кап.
Менск - Смаленск. Перамовы кругл. суткі. звыч - 1 хв. - 45 кап., тэрмін. - 1 хв. - 1 руб. 40 кап.
Менск - Віцебск. Перамовы кругл. суткі. звыч - 1 хв. - 40 кап., тэрмін. - 1 хв. - 1 руб. 25 кап.
Менск - Ворша. Перамовы кругл. суткі. звыч - 1 хв. - 30 кап., тэрмін. - 1 хв. - 95 кап.
Менск - Барысаў. Перамовы кругл. суткі. звыч - 1 хв. - 15 кап., тэрмін. - 1 хв. - 50 кап.
Менск - Ратамка. З 8 да 15 гадз. звыч - 1 хв. - 3 кап., тэрмін. - 10 кап.
...
Звыштэрміновыя перамовы аплачваюцца ў 9 раз даражэй, чымся звычайныя перамовы.

Далей ідзе апісаньне "транспартна-экспэдыцыйнае" дзейнасьці "Саюзтранс". Потым ізноў інфармацыя пра трамваі. Гэтым разам ў дадатак даецца сьпіс прыпынкаў абодвух маршрутаў:

Першы: Таварная станцыя – Камароўка
Трамвай №1 робіць астаноўкі каля наступных вуліц: Дзяржынскага, Мясгандлю, Нова-Маскоўскай, Земляробскага завулку, Сьвярдлоўская вуліцы, Урыцкага, Ленінскай, Энгельса, Садовай, Шпітальнай, Доўгабродзкай і Камароўкі.

Другі: Пасажырскі вогзал – Старажоўка
Трамвай №2 такія астаноўкі: Вогзал, Нова-Маскоўскія, Земляробскі завулак, Сьвярдлоўская, Урыцкага, Ленінская, Энгельса, Плошча волі, Ніжні рынак, Плошча парыскай комуны, Мопру, Старажоўская, Стара-Віленская.

Пагартаўшы "Спадарожнік", каб спраўдзіць месцазнаходжаньне некаторых вуліц, я змог мысьленна намаляваць абодва маршруты паверсе сучаснага Менску. Трамвайныя рэйкі 1930 году паверсе асфальту 2003 году.

Далей ідзе расклад цягнікоў (у такім парадку): на Маскву, з Масквы, на Негарэлае, зь Негарэлага, на Радашковічы, з Радашковіч, на Гомель, з Гомелю, Харкаў. На той час і Радашковічы, і Негарэлае былі памежнымі пунктамі на граніцы з "панскай Польшчай". Нумароў у цягнікоў няма, даецца толькі час адпраўленьня ці прыбыцьця і тып: кур'ерскі, хуткі, паштовы, пасажырскі, тавара-пасажырскі. Вось як гэта выглядала:

На Негарэлае
Кур'ерскі 10 гадз. 17 хв.
Хуткі 21 гадз. 30 хв.
Пасажырскі 5 гадз. 10 хв.
Пасажырскі 17 гадз. 10хв.
Тавара-пасажырскі 11 гадз. –
Тавара-пасажырскі 22 гадз. –

У канцы раскладу напісана, што да цягніку "Менск-Харкаў" прычапляліся тры дадатковых вагоны: да Севастопаля, да Еўпаторыі і да Мінэральных Водаў... У наступным разьдзеле чытачу прапаноўваецца чатыры розных маршруты экскурсій для "азнямленьня з прамысловасьцю". Вось першы зь іх (мусіць, самы цікавы і арыґінальны):

Лямцавая фабрыка Менскага акруговага аб'яднаньня працколектываў (вул. Лекерта, №9), першы дзяржаўны дражджова-патачны завод "Чырвоны Золак" (2 вул. Лекерта), сьпіртусова-гарэлачны завод (2 вул. Лекерта, №15), чыгуна-ліцейны і машына-будаўнічы завод "Энергія" (2 вул. Лекерта, №36), гарбарня "Бальшавік" (2 вул. Лекерта), мэталяапрацовачны завод "Комунар" (Акольная вул., №3), вяровачная майстэрня (Сьвярдлоўская вул., №67), Беларускае аддзяленьне "Устаноўка" (Нова-Серпухоўская вул., №29).

Разьдзел экскурсіі ўтрымлівае падразьдзел "Ваколіцы Менску", дзе чытачу прапаноўваюць наведаць усялякія фабрыкі, заводы, калгасы і саўгасы за межамі гораду. Вось такія дзесяць дэстынацый для тагачаснага беларускага турыста:

  • Камароўскае балота
  • Лошыца
  • Весялоўка
  • Дасьледчая свьінаводная станцыя ў Малай Сьляпянцы
  • Цэнтральная бульбяная станцыя ў Вялікай Сьляпянцы
  • Саўгас імя Лекеркта
  • Саўгас "Вольная праца"
  • Саўгас Анцаловічы
  • Саўгас імя Будзёнага
  • Саўгас "Чырвоны транспартнік"

Пасьля гэткіх цікавых турыстычных прапановаў ідзе разьдзел "Прамысловасьць". Даецца вельмі падрабязная, дэталёвая інфармацыя пра 27 прадпрыемстваў Менску. Сярод гэтых прадпрыемстваў (правапіс захаваны): Гута "Пролетар", Гарбарня "Бальшавік", Другі дражджавы завод "Пролетар", браварня "Беларусь", Шпалерная фабрыка імя Вароўскага, Хэмічна-фармацэўтычны завод, Друкарня імя Сталіна, Лямцавая фабрыка, Шчоточна-сукурана-галянтарэйная фабрыка імя Крупскай, Фабрыка цацак "Адраджэньне". Вытрымкі з апісаньняў:

...
7. БРАВАРНЯ "БЕЛАРУСЬ"
(Рог Комунальнай і Старажоўскай)
Браварня пабудавана ў 1893 годзе. Зараз браварня мае наступныя аддзяленьні а) машыннае (рухавікі), б) саладзільнае (збожжа мочыцца і прарошчваецца), в) сушыльнае (збожжа сушыцца пры + 50 град.), г) драбільнае (збожжа вальцамі драбніцца), д) заторнае звальцованае (здбожжа варыцца ў чопе), е) халадзільнае (зваранае астуджваецца пры -4 град.) ж) мыцельнае (мыюцца бочкі і бутэлькі). Апрача таго, ёсьць кузьня, сталярня і бандарня. Сыравіну браварня атрымлівае з СССР, а вырабамі абслугоўвае пераважна Беларусь. На браварні працуе 88 чалавек.
...
9. ШПАЛЕРНАЯ ФАБРЫКА ІМЯ ВАРОЎСКАГА
(Зав. вызваленьня, №26)
Фабрыка абсталявана ў 1923 годзе ВСНГБ на месцы разбуранай прыватнай фабрыкі. Праца фабрыкі адбываецца ў наступных аддзяленьнях: а) машынамі з рухавіком на 45 конскіх сіл, б) лябораторным, дзе ўкладаюцца ўзоры, в) друкарскім, дзе машынамі адціскаюцца розныя ўзоры, г) кашальным, дзе адрэзваюцца належнай даўжыні шпалеры, д) лашчыльным, дзе запакоўваюцца гатовыя шпалеры. Рабочых 99. На фабрыцы выдаецца насьценгазэта.
...
13. ДРУКАРНЯ ІМЯ СТАЛІНА
(Пляц Волі, Пляц Працы)
Друкарня організавана ў 1920 годзе на месцы былой губэрнскай друкарні. Можна прасачыць, як выдаюцца кніга і газэта, прайшоўшы праз наборнае, стэрэотыпнае, лінатыпнае, машыннае, пераплётнае і іншыя аддзяленьні. У друкарні працуе 495 чалавек.
...
15. ГАРЭЛАЧНЫ ЗАВОД
(Вул. 2-я Лекерта, №15)
Завод пабудаваны ў 1922 годзе на месцы ранейшага, які спалілі белапалякі. Зараз на ім працуе 47 рабочых у такіх аддзяленьнях: а) сьпіртовы склепе, б) купатным, в) мытніку, г) разьлівачным, д) гарэлачыным склепе, е) прыёмачным, з) рамонтнай майстэрні. Завод штодзённа вырабляе 600 вёдраў сьпірытусу.
...
18. ФАБРЫКА ЦАЦАК "АДРАДЖЭНЬНЕ"
(Вяземская вул., №5)
Фабрыка існуе з 1927 году і мае наступныя цэхі: а) бляшаны, дзе вырабляюцца бляшаныя цацкі, б) мастычны, дзк вырабляюцца лялькі, в) лазовы, дзе вырабляюцца з лазы розныя рэчы для дзяцей, г) сьлясарны, дзе вырабляюцца дзіцячыя каляскі, вэлёсыпэды і інш., д) ложкавы, дзе вырабляюцца нікеляваныя ложкі ў гісэрным і кавальскім аддзеле, е) сталярны, які абслугоўвае іншыя цэхі і з) скуьптурны, дзе вырабляюцца статуэткі і бюсты.

19. ШЧОТОЧНА-СУКУРАНА-ГАЛЯНТАРЭЙНАЯ ФАБРЫКА ІМЯ КРУПСКАЙ
(Вул. Розы Люксэмбург, №26)
Фабрыка організавана Наркомпрацы ў 1923 годзе. У 1928 годзе фабрыка перайшла ў гэтае спэцыяльна пабудаванае памяшканьне. Зараз фабрыка мае 3 наступных аддзяленьні: а) шчотачнае і пэндзлевае, б) партманэтнае і портфэльнае і в) чамаданнае. Рабочых 700 чалавек.
...
23. ЭЛЕКТРЫЧНАЯ І ВАДАПРАВОДНАЯ СТАНЦЫЯ
(Савецкая вул., №110)
Электрычная станцыя існуе з 1904 году. Цяпер яна дае звыш 3,000 кілёўат і абслугоўвае сьвятлом увесь горад і токам шмат фабрык і заводаў.
...
Аглядаць станцыю можна толькі ў нядзелю ад 13 да 15 гадзін дня.
...
24. ХАЛАДЗІЛЬНІК ІМЯ 10-ГОДЗЬДЗЯ БССР
(Чэрвеньскі шлях, №3)
Халадзільнік пабудаваны ў 1928 годзе і зьмяшчае 650 тон. Халадзільнік мае 16 камор, у якіх зьмешчаны продукты, 2 аміячныя компрэсары па 120 тысяч колёрый кожны ў гадзіну. Кожная камора абсталявана паветранымі халадзільнікамі. Халадзільнік мае чыгуначныя пад'езды.
...
26. ПАЖАРНАЕ ДЭПО
(Бакунінская, 8-21)
Цэнтральнае пажарнае дэпо падпарадкавана аддзелу комунальнай гаспадаркі і мае на мэце барацьбу з пажарамі і іншымі наваламі. Дэпо мае 2 гаражы – аўтомобільны і конны.

Асаблівасьці мовы "Падарожніка"

Minsk. Wilenski Vagzal У 1930 годзе нават камуністы пісалі зь мяккімі знакамі! "Спадарожнік" напісаны па-беларуску клясычным правапісам, але ўважлівы чытач адразу ж убачыць, што мова "Спадарожніку" мае шэраг асаблівасьцяў і трохі адрозьніваецца ад сучаснай мовы "Нашай Нівы" ці іншых выданьняў, якія карыстаюцца клясычным правапісам сёньня, праз семдзесят тры гады. Гэтыя дробныя адрозьненьні як балючыя ўколы ігліцы напамінаюць нам, што ў нас усё яшчэ няма адзінага сучаснага стандарту "тарашкевіцы". Але ж гэта тэма для асобнага артыкулу. Тут я стаўлю за мэту проста пералічыць і апісаць некаторыя асаблівасьці мовы "Спадарожніка".

• На той час ва ўсіх афіцыйных дакумантах і ў "комуністаў", і ў "наркомаў", і ў "нацдэмаў" назву нашай сталіцы пісалі толькі як Менск. У "Спадарожніку" таксама бачым напісаньне "Менск". Польская ці расейская форма "Мінск" у тэксьце не сустракаецца.

• Для сучаснага беларускага чытача, напэўна, першае, што кідаецца ў вочы, гэта "оканьне", дакладней кажучы, тое, што аканьне не распаўсюджвалася на запазычаныя словы. Напрыклад: комітэт, рэволюцыя, фото, спортыўны, консультацыя, модэльны, вэлёсыпэдны. Але сустракаем таксама: саюз, каапэрацыя, арганізацыя. Беларускамоўнаму чалавеку трэба было дакладна ведаць, калі пісаць "о", а калі – "а". Гэта нагадала мне пра нядаўнія хваляваньні некаторых наведнікаў сайту, якія цьвердзяць, што адрозьніць "г" (h) і "ґ" (g) –. занадта цяжкая справа. Калі нашы суайчыньнікі маглі правільна пісаць у 30-х і адрозьніваць "о" ад "а", то, я думаю, адрозьніць "г" і "ґ" – ня больш складаная задача, а можа нават прасьцейшая. Аўтар зрабіў толькі адно памылку, напісаўшы "колёрыя" замест "калёрыя". Гэта добры прыклад гэтак званай гіпэркарэкцыі. Напрыканцы хацеў бы заўважыць, што я знаёмы зь некалькімі мовазнаўцамі, якія і цяпер пішуць запазычаныя словы праз "о".

• Мяккія знакі ў словах напісаны слушна, але на прыназоўнікі не распаўсюджваліся. Напрыклад, "з якіх ужо атрымалі", "з іх боку раздалася частая страляніна", "выключна з беларускай сыравіны".

• Мяккія -ль у запазычаных: мэталяпрацоўчы, расплянаваны, архэолёгія, вэлёсыпэдны. Але чамусьці, "Голандыя".

• Цьвёрдыя с у запазычаных: сынагога, марксызм.

• Аўтар пасьлядоўна піша э у запазычаных: габінэт, архэолёгія, каапэрацыя, мэдычны, інструмэнтар. Толькі ў адным выпадку сустракаецца "е": "Завод "Энергія"". Магчыма з тае прычыны, што гэта назва.

• Зьбег зычных -тр не мае галоснага: тэатр, кілёмэтр.

• Няма ётызацыі, там дзе яна ёсьць цяпер нават у наркамаўцы: бібліографічны, прэзыдыуму, бактэрыолёгічны, радыус..

• Канчатак -аў не такі пашыраны, як цяпер: для патрэб, забясьпячэньне чырвоных партызан.

• Аўтар ужывае толькі кароткую форму дзеепрыметнікаў: "была дастаўлена" (а не "дастаўленая"), "сталоўка, якая ўзімку прыстасавана да...".

• Некаторыя асаблівасьці пунктуацыі: аўтар ставіць кропкі пасьля нумароў тэлефонаў. Коскі ў дапаўненьнях, напрыклад: "Акрамя водпуску лякарстваў, аптэчныя прадпыемствы прадаюць..." Калі ідзе пералічэньне, то сустракаецца наступнае афармленьне сьпісаў: а), б), в), г), д), е), э), ё), з), дж), дз). Але ўжываецца непасьлядоўна, сустракаецца і стандартны альфабэтны парадак.

"Пляц волі" (з малой літары), але некалькі разоў сустракаецца і варыянт "Пляц Волі".

• Скароты: "кілёмэтр" скарочана напісаны непасьлядоўна: сустракаецца як, "клм", так і "кл". Для градусаў Цэльсія ўжываецца скарот "град." Замест "ст." (стагодзьдзе) ужываецца "в." (век): XVIII в.

• Цікава, што аканьне не распаўсюджвалася на запазычаныя словы (напрыклад, аўтар піша "сэкратар"), але ж таксама бачым "матар'ял", зь яўным гіпераканьнем.

• Можна заўважыць, што аўтар пазьбягае слова "пагэтаму" і заўсёды піша "з гэтай прычыны". Таксама трэба адзначыць, што аўтар пасьлядоўна піша "у Беларусі", я сустрэў толькі адзін выпадак, дзе было напісана "на Беларусі".

• Некаторыя асаблівасьці лексыкі: гучнагавораччы, мэдычны, інструмэнтар, дзеравяны (драўляны), інформацыйна-вучотная (інфармацыйна ўліковая), выстаўка (выстава), астаноўка (прыпынак), справачныя весткі (даведкі), заграніца (замежжа), расійскі (расейскі), эксплюёатацыя (эксплюатацыя), Кастрычнікавая рэволюцыя (Кастрычніцкая рэвалюцыя), дзеля (у значэньні "для"), Вільна (Вільня), габінэт (кабінэт), торп (торф), чымся (чым), хэмія (хімія), вогзал і вагзал (вакзал), сьпірытус (сьпірт).

Аўтар будзе вельмі ўдзячны за папраўкі і парады.


See also / Гл. таксама:

- Менск Слэнгавы
- Кароткі слоўнік менскіх хіпі
- Правапіс трохі абеларусіцца

Напішыце водгук // Write your comment


© Сябры вэб-дружыны Pravapis.org і Ўладзімер Каткоўскі, 2001-2005. Усе правы захаваныя. Пры перадрукоўцы спасылка абавязковая.





 • Рэкамэндаваны web hosting (адкажу на вашы пытаньні);
 • Кнігарня oz.by (Беларусь) і скарбонка rodina.by (Беларусь);
 • Кнігі па-ангельску з amazon.com (ЗША), гл. нашу новую выбарку;
 • Таксама кнігі па-нямецку і па-ангельску з amazon.de (Нямеччына).