
![]() |
|
|
Раім набыць:
Папулярныя старонкі:
Беларускія літары: |
вярнуцца да артыкулаў Клічны склон у беларускай мовепаводле А.І.Наркевіча Вашай увазе прапануюцца вытрымкі з артыкула Аркадзя Наркевіча, які быў надрукаваны ў энцыкляпэдыі "Беларуская Мова" (Менск:1994). Гэтая он-ляйн вэрсія трохі скарочаная. Адзіная істотная розьніца палягае ў тым, што паводле клясычнай традыцыі мы разглядаем клічную форму як поўнавартасны склон, а не нейкую асаблівую форму дзеяслову ў "клічнай форме", як гэта падаецца ў наркамаўскіх падручніках ды энцыкляпэдыях. Таксама выкасаваны сказ, дзе Наркевіч разважае пра неіснуючы "агульнарускі пэрыяд усходнеславянскіх моваў". Уладзімер Каткоўскі Клічная форма — гэта асобная склонавая форма назоўніка, якая захавалася ў сучаснай беларускай мове і ўжываецца для выражэньня асобы пры звароце. Ва ўсходнеславянскіх мовах яна чатскова выцясьнялася назоўным склонам. У расейскай літаратурнай мове клічная форма амаль не захавалася, і толькі ў паасобных гаворках сустракаюцца формы кшталту Ванько, папо, старче альбо адпаведныя энклітычныя ўтварэньні кшталту мам, Мань, пап. Што датычна беларускай ды ўкраінскай моваў, то гэтая форма сустракаецца ня толькі ў дыялектах, але і ў літаратурных творах. Напрыклад: "Гэй, гэй, хлебаробе мазольны, пан сошкі, і коскі, і поля!" (Янка Купала); "Лепш змагацца вольным, браце, чым цярпець і гнуцца" (Якуб Колас). Параўнайце аналягічныя прыклады з украінскай мовы: "Яка ж ти красна, яка велична, земле моя!" (А. Даўжэнка); "Учителю, стою перед тобою малий, вчарований до німоти" (Дз. Паўлычка). Зь іншых славянскіх моваў клічная форма захавалася ў польскай (panie, boz*e, chlopcze, czlowiecze, sasiedzie, gosciu, matko, glowo, ziemio), чэскай (pane, kluku, hrade, kvitku, muz^i, chlapc^e, z^eno), сэрба-лужыцкай (knjez*e, holc^e, dubo, kluc^o), баўгарскай (докторе, професоре, сестрице, гражданино, Иване, соколе, брате, народе, вълко, бабо, мамо, приятелю, коню), сэрбахарвацкай (народе, жено, судиоэ) ды іншых мовах.
У сучаснай беларускай мове ў клічнай форме пераважна выступаюць уласныя й агульныя асабовыя назоўнікі мужчынскага роду, радзей назоўнікі, якія абазначаюць іншых істотаў - жывёлаў, птушак, насякомых, паўзуноў (часьцяком у фігуратыўным сэнсе), а таксама неадушаўлёныя назоўнікі ў сваім непасрэдным значэньні альбо калі яны ўжытыя ў значэньні адушаўлёных. Напрыклад: "Мой дружа, Чэсю, верны дружа мой" (А.Зарыцкі); "А скажы мне, дзеду любы, чаму так на сьвеце стала, што адным даецца мала, а другому — аж да губы?" (Якуб Колас); "Сьмялей, беларусе-араты! Сьмялей уздымай к сонцу вочы" (Янка Купала); "Папаўся, жучку, у панскую ручку" (Кандрат Крапіва); "Гаю, мой, гаю, гаю зялёны, што ж ты ня йграеш?" (К.Буйло). У залежнасьці ад характару асновы назоўнікаў клічная форма можа сканчвацца на розныя галосныя. Так, пры аснове на цьвёрдыя зычныя альбо на ў нескладовае клічная форма скончваецца звычайна на -у (-ю) альбо -е з чаргаваньнем адпаведных цьвёрдых і мяккіх канцавых зычных асновы (дзеду, саколю ці саколе, Іване, Ігнаце, Вацлаве, сыне, браце, пане, голубе, громе, лесе), пры асновах на зацьвярдзелыя ды заднеязычныя — галоснымі -у, -а, альбо -о, нярэдка з чаргаваньнем зычных у аснове (гаспадару, званару, грабару, ветру, вужу, чытальніку, сынку, каханку, дударыку, жучку, хлопчыку, нябожа, чалавеча, бядача, казача, малойча, украінча, хлопча ці хлапчо, Пятро), пры аснове на мяккія зычныя і j [й] кароткае — галоснымі -ю, -е (Чэсю, Ясю, Мікалаю і Мікалае, дабрадзею, коню, гаю, краю, вынятак князь — княжа). Напрыклад: "Узьнімайся, народзе мой, на вялікую расплату!" (Янка Купала); "Эх, лес цёмнакудры, мілы мой лесе, удумныя дрэвы, зялёныя шаты, мой брат ты!" (Якуб Колас); "На твой зоў магутны цеснай грамадою хутка ўсе зьбяруцца... Не прасьпі, званару!" (Цішка Гартны); "Зайграй, зайграй, хлопча малы, і ў скрыпачкі, і ў цымбалі" (Паўлюк Багрым); "Ты ляці, ляці, саколе, здабываць радзіме волю, у бой ляці, казача" (К. Буйло); "Ясю мой, з вайны вяртацца час" (А. Зарыцкі); У пэўных беларускіх гаворках, пераважна паўднёва-заходняга моўнага арэалу, адзначаюцца выпадкі ўжываньня клічнай формы пры выражэньні звароту ў назоўніках жаночага роду і агульнага роду на -а, -я. Напрыклад: мамо, Сашо, Марыно, Манё (ва ўсіх пералічаных выпадках з націскам на першы склад). У мове твораў мастацкай літаратуры клічная форма выкарыстоўваецца звычайна з мэтай стылізацыі ды адыгрывае моўна-выяўленчую ролю. Літаратура:
Калі вы ўбачылі памылку альбо маеце нейкую параду, калі ласка, дасылайце свае камэнтары й заўвагі |
© Сябры вэб-дружыны Pravapis.org і Ўладзімер Каткоўскі, 2001-2005. Усе правы захаваныя. Пры перадрукоўцы спасылка абавязковая.
|